Стралок Ілля Чаргейка заваяваў срэбра на чэмпіянаце свету ў Мюнхене

Стралок Ілля Чаргейка здабыў трэці медаль для беларускай каманды на чэмпіянаце свету ў Мюнхене. Ён стаў срэбраным прызёрам у юніёрскіх спаборніцтвах у стральбе з малакалібернай вінтоўкі з трох палажэнняў з дыстанцыі 50 метраў, паведамляе БЕЛТА. Чаргейка выбіў 1165 балаў і прайграў толькі адно ачко чэмпіёну Кіму-Андрэ Лунду з Нарвегіі. Бронзу атрымаў украінец Сяргей Куліш.

Раней беларусы заваявалі на чэмпіянаце ў Мюнхене яшчэ дзве ўзнагароды. Бронзу атрымала юніёрская дружына ў камандных спаборніцтвах у стральбе з пнеўматычнага пісталета з дыстанцыі 10 метраў. У дарослых спаборніцтвах золата мае Сяргей Мартынаў — стральба з малакалібернай вінтоўкі з палажэння лежачы і з дыстанцыі 50 метраў.