Спыніце знішчэнне Белавежскай пушчы!
Такі заклік утрымліваецца ў адкрытым лісце, з якім эколагі звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі.
Падставай для звароту паслужылі грамадскія праверкі і нядаўняя інфармацыя ад мясцовых лесаводаў аб тым, што сітуацыя ў запаведным лесе ўжо не проста пагрозлівая, а катастрафічная. Гэта звязана з празмернымі, інтэнсіўнымі планава-прамысловымі рубкамі. Па словах супрацоўнікаў пушчы, аб'ёмы высечак у шмат разоў перавышаюць хуткасць рэгенерацыі лесу.
"Асноўныя намаганні лесопромыславікоў цяпер сканцэнтраваныя ў найбольш экалагічна-каштоўных і найменш парушаных дрэвастоях паўднёвых лясніцтваў Белавежскай пушчы. Выкананне плана нарыхтоўкі драўніны ажыццяўляецца любым коштам, а запаведная справа, экалагічная навука, заканадаўства і разліковыя нарматывы не з'яўляюцца гэтаму асаблівай перашкодай нават увыпадку іх парушэння", — гаворыцца ў лісце. Эколагі прыводзяць жахлівыя факты знішчэння рэліктавага лесу сучаснымі камерсантамі з піраміды кіравання нацыянальным паркам.
Поўны тэкст ліста размешчаны на сайце "Белавежская пушча XXI стагоддзе".