Зміцер Вайцюшкевіч ладзіць пераднавагодні канцэрт
Праўда, ці прагучаць падчас яго навагоднія песні, не вядома.
Першым музыкам, які ўзгадаў, што набліжаецца Новы год, стаў Зміцер Вайцюшкевіч. Ужо 25 кастрычніка музыка ладзіць акустычны канцэрт пад назвай “Хутка Новы год” у кавярні “Лісіная нара”.
“Па-першае, Новы год – гэта свята, - тлумачыць Вайцюшкевіч. - А ў сённяшнім жыцці святаў не вельмі шмат. Асабліва, калі ўлічваць нашы эканамічныя, палітычныя і культурныя абставіны. Таму гэта будзе наш адказ Чэмберлену”.
Ці будуць гучаць падчас канцэрта навагоднія песні, Вайцюшкевіч не ведае: усё залежыць ад настрою.
Зміцер Вайцюшкевіч: “Хацелася б праспяваць тое, што захочацца менавіта тады, 25-га. Таму што проста такі настрой будзе. Ну, прынамсі, адну песню пра Новы год можна праспяваць. Яна такая кароткая і ўсім добра вядомая”.
На сцэну “Лісінай нары” Вайцюшкевіч выйдзе адзін з гітарай, маўляў, “на аднаго лепей дзеліцца”. Зараз музыка практыкуе падобныя вандроўкі па беларускіх вёсках. Кажа, канцэрты праходзяць на “ура”. Больш за тое, Змітра пачынаюць успрымаць першым беларускім гумарыстам размоўнага жанру.
Такім чынам, “Лісіная нара”, 25 кастрычніка, 19.00, кошт квіткоў 65 тысяч рублёў.