Зміцер Бандарэнка застанецца ў лякарні столькі, колькі трэба

26 ліпеня асуджанаму за падзеі 19 снежня 2010 года Змітру Бандарэнку зрабілі аперацыю па выдаленні міжпазваночнай грыжы. Са словаў яго жонкі, ён зараз трымаецца даволі бадзёра, можа самастойна ўздымацца з ложка і крыху хадзіць.

У 5-й лякарні палітвязень застанецца да таго часу, пакуль гэта палічаць мэтазгодным лекары, перадае БелаПАН. Пасля яго перавядуць у лякарню СІЗА на Валадарскага. Вольга Бандарэнка лічыць такую тэндэнцыю добрай, бо на Валадарскага абяцаюць правесці рэабілітацыю зняволенага. Праўда, яму спатрэбіцца шмат фізіятэрапеўтычных працэдур, а ў СІЗА іх проста няма.