Злотнікаў: Шанцы атрымаць новы крэдыт ад МВФ невялікія
Бо зараз эксперты будуць вывучаць не толькі фінансавы стан краіны, але і глядзець, што робіцца Беларуссю для выканання старых абяцанняў.
З прыездам чарговай місіі Міжнароднага валютнага фонду беларускія ўлады звязваюць свае надзеі на атрыманне новага крэдыта. Але чакаць, што вынікі постпраграмнага маніторынга экспертаў МВФ будуць для нашай краіны пазітыўнымі, эканаміст Леанід Злотнікаў не раіць.
Леанід Злотнікаў: “Колькі разоў яны ад нас патрабавалі зрабіць прыватызацыю, лібералізацыю, а потым нашы абяцанні спускаліся на тармазах і не выконваліся. Мяркую, зараз місія МВФ праверыць не толькі фінансавы стан краіны – вывучыць дакументы Мінфіна, Нацбанка, Белстата, але і паглядзяць, што робіцца для выканання старых абяцанняў, якія некалі былі зробленыя”.
А тут, акурат, хваліцца няма чым, лічыць эксперт. Па яго словах, зараз урад прымае меры, далёкія ад рынка. Да якога нас сваімі рэкамендацыямі пастаянна падштурхоўвае МВФ. А гэта зводзіць да нуля верагоднасць атрымання чарговага крэдыта ад гэтай міжнароднай арганізацыі. Што не вельмі добра для краіны.
Леанід Злотнікаў: “Зараз трэба будзе аддаваць дзяржаўныя пазыкі. І міністр фінансаў сказаў, што мы будзем рэфінансаваць свае знешнія пазыкі. Маецца на ўвазе, што пазыкі, якія мы павінны вярнуць, мы вернем у тым выпадку, калі мы часткова зоймем грошы наноў. А крэдыты МВФ заўсёды танныя, адсоткі малыя. І таму Беларусі хацелася б атрымаць крэдыт МВФ, каб не займаць грошы на рынку еўрабондаў”.
Нагадаю, Беларусь рэалізавала праграму stand-by са студзеня 2009 года па красавік 2010 года, якая была падтрымана крэдытам МВФ на 3,6 мільярда долараў.
У траўні 2011 года Беларусь зноў звярнулася да фонду па крэдытную падтрымку, у цяперашні час беларускія ўлады пацвярджаюць зацікаўленасць у рэалізацыі новай праграмы МВФ. Чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду па постпраграмнаму маніторынгу будзе працаваць у Менску з 18 па 29 кастрычніка 2012 года.