ЖЭСы не ведаюць, як будуць налічваць плату за тэхабслугоўванне
Хаця на распрацоўку адпаведных інструкцый было паўгода.
2 сакавіка набыла моц новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса, прынятая Саўмінам яшчэ паўгода таму. Цяпер ЖЭСы абавязаныя прапісваць у “жыроўках” аб’емы і віды выкананых работ, якія цяпер называюцца адным словам: тэхабслугоўванне.
Але ў ЖЭСах не ведаюць, як Жыллёвы кодэкс будзе дзейнічаць на практыцы.
“Жыллёвы кодэкс толькі з 2 сакавіка дзейнічае. Мо, якая дадатковая інфармацыя будзе друкавацца да "жыровак”, — мяркуюць у разлікова-даведкавым цэнтры Ленінскага раёна.
Такую
дробязь, як інструкцыю па аплаце за тэхабслугоўванне, за паўгода
распрацаваць не паспелі. У Саўміне апраўдваюцца вялікім аб’емам
дакумента і адсылаюць у Міністэрства ЖКГ. А тут Еўрарадыё таксама
скардзяцца. На гэты раз — на недахоп кадраў. Маўляў, таму і інструкцыю
адпаведную не распрацавалі.
“Адных пастаноў Саўміна — 60, а ў апараце міністэрства 59 чалавек, уключаючы міністра і яго намеснікаў. Адкіньце міністра і намеснікаў — і паглядзіце, колькі працоўных рук!”.
У Міністэрстве ЖКГ дадаюць, што, пакуль разбяруцца з Жыллёвым кодэксам, пройдзе яшчэ не адзін месяц:
“Пакуль мы разбярэмся, што мы тут нарабілі…. Але думаем, што ў “жыроўцы” будзе пяць-шэсць пазіцый па тэхабслугоўванні”.
На
месцах — у ЖЭСах — таксама блытаюцца ў тым, як цяпер трэба налічваць і
што пісаць у "жыроўцы" за тэхабслугоўванне. Няма інструкцый! Кожны
прапануе свой варыянт. У ЖЭСе №113 пра змены ў аплаце за
тэхабслугоўванне ведаюць. І спяшаюцца абрадаваць, што ад сакавіка плата
за абслугоўванне будзе рознай для кожнага дома:
“У нас
ёсць брыгада, і мы за тэхабслугоўванне лічым на ўвесь ЖЭС. І да сакавіка
была фіксаваная стаўка, якая налічвалася на кватэру. А вось з сакавіка
жыхары будуць аплачваць фактычныя аб’ёмы працы, але таксама не 100% ад
сабекошту”.
Пытаюся, ці трэба будзе плаціць за тэхабслугоўванне, калі брыгада сантэхнікаў ці дворнікаў да майго дома за месяц не дойдзе. Бо калі ў доме не прыбіраюць ці каля дома ўсё занесена снегам, за што ж плаціць? У адказ на гэта ў ЖЭСе №113 мне зноў нагадваюць, што мы плацім за тэхабслугоўванне толькі 1/5 ад сабекошту:
“Вы ж толькі 21% ад сабекошту пакрываеце. Астатняе дадаецца з бюджэту!”
З
тым, што і прыбіраць у такім выпадку можна толькі на 21%, я катэгарычна
не згодная. Але ў адказ на прэтэнзіі зноў чую неспадзяванку:
“Калі
вы будзеце аплачваць 100%, у камунальнікаў будуць іншыя заробкі. Тады і
будзе якасць! Людзі з начальнікаў пойдуць працаваць дворнікамі і будуць
прыбіраць!”
Іншымі словамі, на 100% мой пад’езд будзе
прыбраны і расчышчаны ад снегу толькі ў 2015 годзе. Менавіта тады,
згодна з планамі ўрада, мы будзем плаціць за камунальныя паслугі 100% ад
сабекошту. А пакуль якасць паслуг — на 21%.