Занкавец: Галоўным трэнерам сябе пакуль не адчуваю
Эдуард Занкавец застаецца галоўным трэнерам хакейнай зборнай Беларусі. 10-е месца на чэмпіянаце свету Федэрацыя хакея прызнала здавальняючым. І вырашыла ўвесці

Эдуард Занкавец: "Дзіўная нейкая сітуацыя. Не разумею, ці зацвердзілі мяне, ці не. І таму галоўным трэнерам сябе пакуль не адчуваю... Але той трэнерскі штаб, з якім я працую, я лічу добрым. Не ідэальным, уключна з галоўным трэнерам. Не ідэальны па ведах, па досведзе. Але ці магчымае ва ўмовах Беларусі стварэнне ідэальнага трэнерскага штаба — пытанне філасофскае".
Галоўнымі прычынамі, па якіх зборная не трапіла ў плэй-оф чэмпіянату свету, Занкавец у сваёй справаздачы назваў слабую гульню ў меншасці і няздольнасць абаронцаў падтрымліваць атаку. А сваёй галоўнай задачай на бліжэйшыя гады трэнер бачыць амаладжэнне складу зборнай. Цалкам верагодна, што Ўладзімір Цыплакоў, які цяпер з'яўляецца памочнікам Занкаўца, неўзабаве ўзначаліць моладзевую зборную па хакеі.

Сябры выканкама таксама выказаліся за тое, каб заключыць з удзельнікамі трэнерскага штаба кантракты, у якіх былі б прапісаныя іх абавязкі і заахвочанні. Пакуль жа трэнеры зборнай маюць толькі кантракты са сваімі клубамі, а са зборнай працуюць на грамадскіх пачатках. Федэрацыя хоча ўвесці для кожнага трэнера стаўкі, пад якія, на жаль, грошай дагэтуль не было.
Гэта для Эдуарда Занкаўца вельмі няблага. Кантракт трэнера са СКА з Санкт-Пецярбурга якраз скончыўся. І ці працягнуць яго — пакуль невядома:

Эдуард Занкавец: "Так, кантракт са СКА скончыўся. Новых перамоваў пакуль не было. Галоўны трэнер СКА Айван Заната хацеў бы, каб я застаўся. Але гэта яго думка. А ёсць меркаванні менеджменту клуба, якія, цалкам магчыма, разыходзяцца з яго думкай.
Наколькі я ведаю, пытанні пра трэнерскі штаб на наступны сезон яшчэ ўвогуле не ўздымаліся, бо ўсе першыя асобы клуба былі на чэмпіянаце свету, было не да таго".
Так што, калі федэрацыі патрэбны спецыяліст, які будзе працаваць са зборнай стала, а не наездамі з клуба, зараз якраз час прапанаваць Эдуарду Занкаўцу кантракт і заробак, адпаведны пасадзе галоўнага трэнера. Федэрацыя хакея ў Занкаўца і яго трэнерскі штаб верыць.

Але спраўдзіць чаканні чыноўнікаў і ўтрымаць нацыянальную зборную па хакеі ў 10-цы мацнейшых пры тым, што юніёрская зборная зорак з неба не хапае, а мацнейшы беларускі клуб, мінскае "Дынама", працягвае абапірацца на легіянераў, Эдуарду Занкаўцу будзе вельмі складана.