Заклікаць да байкоту можна, але пікетаваць — нельга
Без дазволу ўладаў падчас пікета кандыдат можа толькі збіраць подпісы за сваё вылучэнне.
Заклікі да байкоту выбараў не супярэчаць выбарчаму заканадаўству. Можна пра гэта і казаць, і пісаць. Але праводзіць пікеты — нельга, тлумачыць Еўрарадыё сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Нягледзячы на тое, што кандыдатам дазвол мясцовых уладаў на пікет не патрэбны.
Мікалай Лазавік: “Калі казаць пра пікеты па зборы подпісаў, то атрыманне дазволу на іх правядзенні ў адпаведнасці з 61 артыкулам Выбарчага кодэкса не патрабуецца. Іншыя пікеты, у тым ліку і па агітацыі за байкот выбараў, пад гэтую частку Выбарчага кодэкса не трапляе. І тут ужо трэба вырашаць пытанне з мясцовымі выканаўчымі органамі”.
Такім чынам, пікеты за байкот, згодна з вызначэннем ЦВК, ад пачатку трапляюць пад закон “Аб масавых мерапрыемствах”. Карыстаючыся менавіта ім, Мінгарвыканкам днямі не задаволіў заяўкі аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" на правядзенне ў сталіцы 6 пікетаў, прысвечаных байкоту выбараў. Заяўкі падаваліся на 28, 29 і 30 ліпеня.
Паводле слоў прадстаўніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча, закон “Аб масавых мерапрыемствах” праваабаронцы лічаць скіраваным выключна на тое, каб пазбавіць грамадзян права на свабоду сходаў. Каб мець магчымасць выйсці да людзей са сваім лозунгам, хрысціянскія дэмакраты мусяць альбо мець сваіх кандыдатаў, альбо — далучацца з лозунгамі байкоту да кандыдатаў чужых.
Але калі б нават БХД дачакалася пачатку агітацыйнай кампаніі — 14 жніўня, то праводзіць свае пікеты ў межах выбарчага заканадаўства ў іх усё адно не атрымаецца.
Уладзімір Лабковіч: “Гэта можа толькі кандыдат у дэпутаты альбо яго давераная асоба. І для тых палітычных сіл, якія не вылучаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты, давядзецца альбо дамаўляцца з наяўнымі кандыдатамі ад іншых дэмакратычных сіл, альбо праводзіць мерапрыемствы ў межах закона “Аб масавых мерапрыемствах”. На што, я магу прагназаваць, яны дазвол не атрымаюць”.
Але як даведалася Еўрарадыё, у БХД ад пачатку не збіраліся выходзіць на заяўленыя пікеты. Бо ведалі, што іх не дазволяць. Навошта ж заяўкі падавалі?
Віталь Рымашэўскі: “Каб яшчэ раз пацвердзіць, і для міжнародных арганізацый, і для беларускага грамадства, што ў Беларусі выбараў няма, што гэты фарс не ёсць свабоднымі і справядлівымі выбарамі — для гэтага трэба мець доказы, патрэбна праца. Дык вось, адмова ў правядзенні пікетаў яшчэ раз яскрава пацверджвае, што ў Беларусі няма свабодных выбараў і канстытуцыйныя правы грамадзянаў не выконваюцца”.
Знойдзе гэты прыклад сваё адлюстраванне і ў будучай справаздачы праваабаронцаў, папярэджвае Уладзімір Лабковіч.
Уладзімір Лабковіч: “Мы будзем лічыць гэта дыскрымінацыйнай з’явай, якая парушае дзеючае выбарчае заканадаўства ў яго дэкларатыўнай частцы. І будзем кепска ацэньваць тое, што палітычныя сілы, якія праводзяць байкот, яго праводзіць легальна ў межах выбарчай кампаніі не могуць”.
Такім чынам, БХД працуе на тое, каб парламенцкія выбары не былі прызнаныя тым жа БДІПЧ АБСЕ, а Ярмошына з Лазавіком заставаліся неўязнымі ў ЕС.
Праваабаронцы раяць байкотаўцам дамаўляцца з... будучымі кандыдатамі, каб тыя праводзілі пікеты пад лозунгам байкота. Як даведалася Еўрарадыё, такія дамоўленасці ўжо ёсць.
Фота: http://photo.bymedia.net