Іспанскія заўзятары ўпершыню за 50 гадоў не пабачаць гульню сваёй зборнай
За трансляцыю матча Беларусь-Іспанія нямецкая кампанія прасіла 3 мільёны еўра.
Іспанская федэрацыя футбола адмовілася набываць правы на трансляцыю матча Беларусь ― Іспанія. Ні 12 кастрычніка, ні пазней іспанцы не змогуць паглядзець гэтую гульню па тэлевізарах. Пра гэта Еўрарадыё распавядае аўтар кнігі “Метад Дэль Боске”, іспанскі спартовы журналіст Хоакін Марота:
“Правы ў Беларускай федэрацыі футбола выкупіла нямецкая кампанія Sportfive. Сума гэтай здзелкі невядомая, але іспанцам правы на трансляцыю прапанавалі за 3 мільёны еўра. Такіх грошай у нас не было. Пазней кошт быў зменшаны да 1,5 мільёна, а зараз іх ужо прапануюць за 1 мільён еўра. Але наша федэрацыя ўсё роўна адмовілася набываць правы, каб такія прэцэдэнты не паўтараліся ў будучыні”.
Па словах журналіста, гэты выпадак ― беспрэцэдэнтны для іспанскага футбола. Такога не было з сярэдзіны 1950-х. Толькі аднойчы, у 1983 годзе, праз тэхнічныя праблемы не быў паказаны матч Мальта ― Іспанія. Але іспанскае тэлебачанне запісала гульню, і на наступны дзень заўзятары ўсё ж пабачылі яе па тэлевізары.
Што праўда, іспанскія заўзятары не ладзілі ніякіх акцыяў пратэсту. Хоакін Марота кажа, што зараз іх нашмат больш хвалюе эканамічны крызіс: “Калі кожны дзень трэба думаць, чым накарміць сям’ю, табе не да футбольных пратэстаў”, ― падсумаваў журналіст.
Нагадаем, 12 кастрычніка зборная Беларусі згуляе з іспанцамі на стадыёне “Дынама”. Пачатак а 21-й. Іспанцы распавялі, што перад гульнёй два дні запар глядзелі гульні БАТЭ, а беларусы тым часам набылі катастрафічна мала квіткоў на стадыён.