З-за крызісу выручка ў некаторых крамах вырасла на … 10 мільёнаў!

“Мой торцік раней каштаваў 25 тысяч рублёў, цяпер ужо 35. Аўсянку сталі купляць танней. Яна стала вельмі дарагая, кусаецца. Самае простае выйсце – смаргонскую бярэм, купляем беларускае”, – распавядае жанчына ў сталічнай краме.

Яна з дакорам заўважае, што падаражэлі таксама гародніна і садавіна: яблыкі цяпер каштуюць 18-20 тысяч за кілаграм. Праз такія кошты ад іх даводзіцца адмаўляцца.

“А лімоны!? Якія ўжо састарэлыя. Іх ўжо трэба выкідаць, а цана расце, гэта наогул абсурд”.

Ля прылаўку з малаком жанчына сярэдняга ўзросту абірае прадукты. Скардзіцца на значнае падаражанне малочных прадуктаў і хлеба.

“Хлеб падаражэў. Гародніна вельмі падаражэла. Нават наша гародніна даражэй, чым імпартная”.

Гаспадыня кажа, што цяпер даводзіцца шмат ад чаго адмаўляцца з-за росту коштаў.

“Я нашмат менш стала набываць гародніны і садавіны. Я шкадую пра гэта, бо ў нашым рацыёне вельмі мала гародніны і садавіны, тым больш, цяпер многае не па кішэні”.

Калі раней на “сярэдненькі” паход у краму хапала 40-50 тысяч рублёў, то цяпер трэба ўсе 70, скардзіцца жанчына. Да таго ж набытых прадуктаў хапае ўсяго на пару дзён. Такім чынам, у краме трэба пакінуць на 30% грошай больш, чым месяц таму.

У краму па прадукты заходзіць юнак, таксама зважае на рост цэнаў. Маўляў, цяпер трэба мяняць рацыён, мяняць звычкі, бо заробку на прадукты ледзь хапае.

“Выйсця няма, трэба нешта мяняць у сваіх густах. Калі раней сасіскі былі па 11 тысяч самыя танныя, то цяпер па 16. Малочныя вырабы падаражэлі на 20%”.

Прадаўшчыца ў “Цэнтральным універсаме” глядзіць за аддзелам гародніны. Яна не заўважыла, што пакупаць сталі менш. Праўда, сама ўжо месяц не ела сасісак.

“Я месяц не набывала сасіскі. А сёння хачу набыць штук 8. Жыццё працягваецца. Што значыць цана? Што мне, скласці лапкі?”

Жанчына выходзіць з крамы з двума торбамі. Заўважае, што цяпер прадуктаў набыла не так і шмат.

“Трохі менш: зніжаем свае патрэбы, а што зробіш? Мы ж нічога не можам змяніць, прыстасоўваемся да жыцця”.

Еўрарадыё звярнулася ў адну з крамаў сеткі “Рублёўскі”,каб запытаць, што стала менш прадавацца. Супрацоўніца крамы Таццяна сцвярджае, што людзі сталі менш набываць імпартнага піва, а беларускага больш.

Таццяна: “Садавіна менш прадаецца. Беларускае піва прадаецца лепш. Крупы менш прадаюцца, але ўсё адно бяруць. Пральны парашок дарагі, але яго ўсё адно набываюць. Наогул, беларуская прадукцыя стала прадавацца лепш”.

Цяпер сярэдні чэк у краме складае 6-8 долараў, даводзіць Таццяна. У пераводзе на беларускія грошы гэта будзе 27-36 тысяч рублёў.


Мінчукі сталі траціць на прадукты больш, чым месяц таму. З-за росту цэн выручка ў краме вырасла на 10 мільёнаў. З 32 да 42 мільёнаў у дзень, распавядае супрацоўніца крамы сеткі “Рублёўскі”. Гэтае павышэнне яна звязвае з ростам цэн, а не з павялічэннем попыту на прадукты.

Дарэчы, літр малака цяпер каштуе ад 2,5 да 3,5 тысяч. Хлеб ад 1,5 да 2,5 тысяч. А за кілаграм варанай каўбасы давядзецца заплаціць ад 12 да 14 тысяч рублёў.

Фота: aif.by