З ільготаў у чарнобыльцаў — паступленне ў ВНУ і месца ў доме састарэлых
Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія льготы засталіся ў ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі, і параўнаць з ільготамі ў Расіі і Украіне.
“Выплата “бальнічнага” ў памеры ста адсоткаў, выкарыстанне адпачынку ў зручны час, пакіданне на працы пры скарачэнні, першаснае ўступленне ў гаражныя кааператывы і, відавочна, першаснае права на размеркаванне ў дамы састарэлых”, — распавядае Еўрарадыё пра льготы чарнобыльцам супрацоўніца дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС Наталля Кахановіч.
Цяпер ліквідатары не маюць інваліднасці, амаль не маюць ільготаў, кажа ўдзельнік працаў на тэрыторыі АЭС Уладзімір Целяпун. Уладзімір прыехаў у Чарнобыль у траўні 1986 года. Займаўся захаваннем састарэлага абсталявання.
Целяпун: ”Усе льготы па бясплатным праездзе і медыкаментах — усё ліквідавана. На дадзены момант матэрыяльнай дапамогі няма. Раней была”.
Раней і льготаў было значна больш, кажа Уладзімір.
“Адпачынак быў. Штогадовая дапамога ў тры базавыя велічыні. Зніжка на медыкаменты 50%. Зніжка на праезд. Бясплатная пуцёўка раз на год. А зараз — нічога”.
Цяпер у Уладзіміра засталося медычнае абследаванне раз на год. І тое, па яго словах, спіс лекараў, якіх праходзяць чарнобыльцы, скараціўся. Раней тэрапеўт вызначала, да каго з лекараў трэба ісці. Цяпер з абавязковага ў паліклініцы трэба зрабіць кардыяграму, здаць аналізы і замераць ціск, астатняе па жаданні ліквідатара, цвердзіць Уладзімір.
Ліквідатар Іван працаваў у Хойніках у жніўні 1986 года. Ён укладваў асфальт у выселеных вёсках паўтары месяцы. Раней у яго былі льготы на дровы, аплочваемы адпачынак на два тыдні, зніжкі на газ і электрычнасць, прыгадвае ліквідатар.
Іван: “Такіх, як былі, ільготаў ужо няма. Раней газ быў са зніжкай, дровы, электраэнергія. Бясплатная пуцёўка была. Калі ты яе не выкарыстоўваў, табе выплочвалі пэўную колькасць грошай”.
Цяпер Іван збіраецца на пенсію. Згодна з ранейшымі льготамі, мог бы быць на заслужаным адпачынку ўжо 8 год, але іх адмянілі. Дарэчы, пенсія ліквідатара складае крыху больш за мільён.
“Я не магу сказаць, што гэта ад Чарнобыля, але ў мяне было два інсульты… Бывае, што тут скажаш. Трохі даводзіцца выдаткоўваць на лекі”.
Ва Украіне і Расіі пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС маюць ільготы на лекі, бясплатны праезд і лячэнне, кажа ліквідатар наступстваў Чарнобыля Аляксандр Ваўчанін.
Ваўчанін: “Мае таварышы ва Украіне, Расіі, Азербайджане сыходзяць на пенсію на дзесяць год раней. Гэта звязана з тым, што яны знаходзіліся ў зоне радыяцыі. Маюць бясплатны праезд, штогадовы адпачынак 14 дзён, бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і лекі”.
Ільготы і прывілеі грамадзян, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, рэгулююцца законам ад 6 жніўня 2009 года “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС і іншых радыеактыўных аварыях”.
Праўда, многія яго пункты страцілі моц у параўнанні з 1991 годам, калі быў прыняты першасны закон аб сацабароне пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Дарэчы, сёлета дзяржава выдзеліла 981 мільярд рублёў з бюджэта на ліквідацыю наступстваў Чарнобыля.
Фота: liveinternet.ru