Юлія Ляшкевіч: У цішоткі з выявай палітвязняў няма каго апранаць

Хутка ажыццявіць ідэю і апрануць кандыдатаў у дэпутаты ў цішоткі з выявамі палітвязняў для запісу тэлевыступаў не ўдалося. А ўсё таму, тлумачыць Еўрарадыё рэкламшчыца Юля Ляшкевіч, што так і не ўдалося адшукаць фотаздымкі ўсіх палітвязняў у добрай якасці. А за гэты час амаль і не засталося тых, на каго такія цішоткі можна апрануць — большасць дэмакратычных кандыдатаў зняліся з выбараў.

Але працаваць над іх стварэннем і вырабам трэба, бо яны спатрэбяцца ў будучыні.

Юлія Ляшкевіч: “Калі б гэта ідэя прыйшла ў галаву раней, то, безумоўна, гэта было б больш эфектыўна ў той час, калі былі выступы па тэлебачанні і гэтак далей. Але я думаю, што акцыі яшчэ будуць працягвацца, будуць розныя выпадкі, і ўсё гэта спатрэбіцца. Проста павінен быць створаны банк даных, дзе б усё неабходнае для вырабу ляжала і кожны б мог гэтым скарыстацца”.

Пакуль, прызнаецца Юлія, гатовыя цішоткі з выявай Паўла Севярынца, амаль гатовыя — з партрэтамі анархістаў. А вядомы блогер Андрэй Кабанаў з уласнай ініцыятывы вырабіў цішотку з выявай Міколы Статкевіча. Аўтары ідэі Юлія Ляшкевіч і Наста Палажанка працягваюць шукаць фота ў добрай якасці іншых палітвязняў — не ўсе ў іх ёсць да гэтага часу.