Яўгенія Ус: За кожнае спатканне з мужам я змагалася сама

Еўрарадыё: З'явілася інфармацыя, што з 1 ліпеня ваш муж знаходзіцца у Рэспубліканскай турэмнай бальніцы на Валадарскага. Ці ёсць у вас нейкая інфармацыя пра стан яго здароўя? І ці дазволілі вам з ім нейкім чынам звязацца?


Яўгенія: Пра тое, што ён у шпіталі, я даведалася толькі сёння зраніцы. Мне патэлефанавала жонка Змітра Бандарэнкі, які ў сваім лісце да яе паведаміў, што мой муж разам з ім у шпіталі. Больш я нічога не ведаю. Нядаўна я сустракалася з суддзёй Грачовай і спрабавала ўзяць у яе дазвол на спатканне з мужам, аднак яна дазволу не падпісала, аргументуючы гэта тым, што справа перададзеная ў гарадскі суд, і што яна не мае права гэты дазвол падпісваць.Ніхто нічога не кажа пра тое, куды яго пераводзяць, ніхто не дае аніякай інфармацыі.


Еўрарадыё: А можа ёсць сэнс падысці на Валадарскага і паспрабаваць нешта даведацца там?


Яўгенія: Я падыходзіла туды. І адзінае, што мне ўдалося высветліць, што ён сапраўды там і што прывезлі яго туды 1 ліпеня. Больш інфармацыі мне не далі.


Еўрарадыё: Ці пісаў муж вам лісты?


Яўгенія: Так, апошні ліст ад яго я атрымала ў канцы мінулага тыдня. Варта адзначыць, што прыходзяць гэтыя лісты з вельмі вялікай затрымкай. Пісаў ён яшчэ з Магілёва і яшчэ перад тым, як я атрымала з ім спатканне. З Валадарскага ж нічога не было.


Еўрарадыё: Што вы робіце для таго, каб касацыйная скарга мела нейкі станоўчы вынік?


Яўгенія: Шчыра кажучы, ні ад мяне, ні ад адвакатаў нічога не залежыць. Але спадзяюся, што суд прыме да ўвагі той факт, што са мной засталося трое дзяцей, малодшаму з якіх споўнілася 5 месяцаў. Спадзяюся, што ўлады аднясуцца да нас па-людску.


Еўрарадыё: Ці ёсць у вас нейкія кантакты з замежнымі палітыкамі ці праваабаронцамі, каб нехта адтуль спрабаваў паспрыяць таму, каб вам дазволілі сустрэцца з мужам?


Яўгенія: У мяне няма абсалютна ніякіх кантактаў. За кожнае спатканне з мужам я змагалася сама.