Які драпежнік хаваецца пад маскай “чупакабры”?

Інтэрнэт цягам тыдняў забаўляўся старобінскай “чупакабрай”, якая нібыта біла курэй, гусей і свіней. У Старобіне арганізавалі начныя дзяжурствы. Але і пасля гэтага атакі на хлявы са свойскай птушкай не спыніліся.  

“Вынікаў па факце дзяжурстваў не было. Вось учора нам тэлефанавалі людзі — грамадзянін Корж (тэлефанаванне адбылося 24-га кастрычніка). Да яго зноўку нешта залезла. Выехалі туды паляўнічыя, спецыялісты, сказалі — сабачыя сляды”, — распавядаюць Еўрарадыё ў пункце міліцыі Старобіна.

Навукоўцы сцвярджалі, што масавыя забойствы курэй былі характэрны для жывёлаў з сямейства куніцавых — тых жа тхароў. Версій, хто б мог хавацца пад маскай "чупакабры", выстаўлялі цэлы шэраг.

“Вазілі курэй падушаных у ветстанцыю, — працягваюць распавядаць у пункце міліцыі Старобіна. — Там нібыта сказалі, што гэта былі ўкусы, характэрныя для рысі. Калі б там быў тхор які-небудзь, то ён бы свіней не кранаў".


У Старобінскім лясгасе цвёрда ўпэўнены, што канчаткова разабраліся з масавымі смерцямі курэй і гусей.

“Трэба адстраляць сабак. І ніякіх "чупакабраў" у нас тут няма, — лічыць спецыяліст па паляванні Старобінскага лясгаса Сяргей Ісаеня. — Апошнім фактам гэта пацвердзілася. Патэлефанавалі, што зноўку пад платамі пачалі рабіць падкопы. Мы выехалі на месца. Там менавіта сляды сабакі. Я тое, што бачыў, тое і кажу. Вось адловяць сабак, якія па дзесяць-дваццаць галоў бегаюць, і тады будзе цішыня ў Старобіне".


Можа быць, чатырохногія Тузікі і Бобікі сталі чарговымі ахвярамі “чупакабры”?

Старшыня салігорскай арганізацыі па адлове беспрытульных жывёл Юрый Дзялендзік сцвярджае, што ўказанне разабрацца з сабакамі выканана.

Юрый Дзялендзік: "На дадзены момант іх няма".


Еўрарадыё: З тыдзень прайшло ўжо часу?


Юрый Дзялендзік: "Так, каля тыдня".


Але напады на гаспадаркі працягваюцца…