Як стадыён “Дынама” рыхтуюць да лютаўскага матчу БАТЭ – ПСЖ (фота)

Поле падагрэлі і высыпалі на яго 170 кілаграм угнаенняў, а лёд і снег з трыбун счышчаюць салдаты. Еўрарадыё “праінспектавала” стадыён за 10 дзён да інспектара УЕФА.

“Поле ў нас падаграваецца, і з ім, я думаю, праблем не будзе. Падтрымліваецца патрэбная тэмпература, унесеныя ўгнаенні, – распавёў Еўрарадыё дырэктар стадыёна “Дынама” Уладзімір Вільчынскі, якога мы заспелі на бегавой дарожцы стадыёна, паміж салдатаў, трактароў і снежных сумётаў.

За станам поля увесь час сочыць аграном Віктар Золін. Вось ён – той чалавек, дзякуючы якому тэлегледачы атрымліваюць прыгожую карцінку, а заўзятары – прыгожы футбол.

“Зялёненькая будзе, –
 запэўнівае ён карэспандэнта Еўрарадыё. – Але так, як улетку, натуральна, не вырасце. Часу не хопіць: з 18 студзеня ўключылі абагрэў, але тэмпературы стаялі нізкія… Але крыху падрасце”.

Каб падрыхтаваць стадыён плошчай амаль у 8 тысяч квадратных метраў да першага матчу, на яго выклалі 170 кілаграм угнаенняў. За сезон на дынамаўскую траву іх трацяць каля 2 тон.

“Угнаенне толькі зараз пачне засвойвацца. Таму зараз вырашальную ролю грае падагрэў. Трава там ужо даўно, новай травы мы не падсяваем. Проста тэмпература”, – дадае Віктар Золін.

Энергаёмісты падагрэў стадыёну дапамагае аплачваць клуб. Але расчыстку трыбун супрацоўнікі стадыёна мусяць арганізаваць самі.

“Прыбраць снег з трыбун – самая галоўная праблема, – працягвае Уладзімір Вільчынскі. – Гэта працаёміста, і нічога нельга прыдумаць, акрамя ручной працы. Мы звярнуліся па дапамогу да нашых шаноўных Узброеных сілаў. І яны, як заўжды, прыйшлі на дапамогу. Без іх гэтую працу не адолелі б”.

Салдатаў на трыбунах не менш за паўсотні. Снег з верхніх шэрагаў яны скідаюць на адмысловы доўгі кавалак поліэтылену, па якім ён сам з’язджае ўніз. Вывозіць сумёты са стадыёна будуць уночы.

Снег на трыбунах збіраўся з 2 снежня, калі футбалісты БАТЭ апошні раз гулялі ў Мінску. Тое, што беларускія клубы пачалі праходзіць у фінальныя стадыі Еўракубкаў, стала для кіраўніцтва “Дынама” сапраўднай праблемай. Калі б не барысаўскі клуб, стадыён спатрэбіўся б толькі 2 красавіка для матчу 1 тура чэмпіянату Беларусі.

“Люты — гэта, натуральна, не футбольны час. А ўлічваючы, што ў нас стадыён адкрыты, і ніякага даху, які б абараняў трыбуны, няма, даводзіцца рыхтаваць яго да матчу вось у такіх экстрэмальных умовах”
, – дадае Уладзімір Вільчынскі.

14 лютага “прымаць” стадыён “Дынама” прыедзе інспектар УЕФА. Калі ён заўважыць нейкія хібы, на іх выпраўленне застанецца 3 дні. Улічваючы, што падрыхтоўка да 1/16 Лігі Еўропы на “Дынама” пачалася ўжо цяпер, Уладзімір Вільчынскі не сумняваецца, што стадыён будзе гатовы.

“Поле гэтае мы добра ведаем. У любым стане: і калі яно добрай якасці было, і калі не. Таму ставімся да яго нармальна, – кажа галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка– Тым больш, што мы былі на матчы ПСЖ з “Ашо”, дык там, на “Стад дэ Франс”, поле таксама было не вельмі добрай якасці. Хаця яго і абяцаюць перасцяліць”.

Пакуль сталічны “Дынама” рыхтуецца да гістарычнага матча 1/16 Лігі Еўропы, барысаўскі клуб вырашыў трэніравацца на газонах Турцыі.