Як 25 сакавіка будуць святкаваць Дзень Волі?
Партыя БНФ павядзе людзей на Бангалор, Някляеў плануе “нешта крэатыўнае”, а Гайдукевіч і ЛДПБ павіншуюць людзей у абласцях.
За арганізацыю святкавання Дня Волі і 95-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР узяліся Партыя БНФ і рух “За свабоду”. Да якіх далучыліся БХД і "Гавары праўду!". Прадстаўнікоў ад іншых дэмакратычных сіл 11 лютага на пасяджэнні аргкамітэта па правядзенні мерапрыемства не было. У іх на гэты дзень нейкія іншыя планы?
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прызнаецца, што ім нават не паведамілі ні аб стварэнні гэтага аргкамітэта, ні аб яго пасяджэнні.
Анатоль Лябедзька: “Ніякіх запрашэнняў мы не атрымлівалі, але зараз паглядзім — калі нешта там створана, то будзем глядзець, якім чынам аб’ядноўваць супольную працу”.

Лябедзька ўпэўнены, што Дзень Волі — свята агульнае, нейкія асобныя партыі не могуць яго прысвойваць. Таму лепш без крыўдаў далучыцца да арганізатараў і асобных мерапрыемстваў не ладзіць.
Такой жа пазіцыі прытрымліваюцца і левыя з партыі “Справядлівы свет”. Старшыня Сяргей Калякін сцвярджае: Дзень Волі і для былых камуністаў — свята. Праўда, ніколі ў аргкамітэт па правядзенні мерапрыемства яны не ўваходзілі. Не будзе іх там і сёлета. Проста стануць у агульную калону.
Далучыцца да арганізатараў на першым этапе згодна і “Гавары праўду!”. Але адначасова будуць рыхтавацца і свае, паралельныя мерапрыемствы, прызнаецца лідар кампаніі Уладзімір Някляеў.
Уладзімір Някляеў: “Будзе нешта паралельнае. Хацелася б, хай сабе не маштабнае, не на ўсю краіну, але зрабіць нешта такое, каб яно было вартае гэтай даты. Нешта крэатыўнае. Зрэшты, ёсць ідэі, але не можам знайсці механізмы іх рэалізацыі”.

Чакаць магчымасці рэалізацыі сваіх крэатыўных ідэй і вырашаць, якія з іх найлепш падыходзяць да Дня Волі “някляеўцы” будуць ужо на гэтым тыдні. Тады і будуць імі хваліцца.
Святам лічаць Дзень Волі і ліберал-дэмакраты Гайдукевіча. І нават нібыта адзначаць яго будуць!
Сяргей Гайдукевіч: “Для нас гэта свята, і ў нас абавязкова будзе нейкае мерапрыемства. Абавязкова мы людзей павіншуем у абласцях, у структурах. У нас жа сур’ёзныя структуры, у кожнай вобласці вялікія офісы, у Мінску будзе нейкае мерапрыемства — гэта людзі зробяць”.

Праўда, Гайдукевіч прызнаецца: іх мерапрыемства не будзе вулічным — нейкім шэсцем ці мітынгам. І катэгарычна адмаўляецца далучацца да іншых дэмакратаў.
Пакуль арганізатары не вызначыліся канчаткова ні з месцам збору, ні з маршрутам шэсця, ні з месцам правядзення мітынгу. Выглядае, што гэта ізноў будзе плошча Бангалор — парк Дружбы народаў. Праўда, Сяргей Калякін сумняваецца, што ўлады пагодзяцца нават гэта “месца для выгулу сабак” апазіцыі прадставіць.
Сяргей Калякін: “Гэта цэнтр горада, вельмі шмат там людзей, транспарту, дзе людзі перасаджваюцца, — гэта вузел такі транспартны. Таму я лічу, што гэта месца не горшае за іншыя”.

Не супраць пайсці на Бангалор і Анатоль Лябедзька. Пры ўмове, што арганізатары здолеюць сабраць на мерапрыемства не 1-2 тысячы людзей, а 10-15 тысяч. Ад такой колькасці святочны настрой будзе ў кожным месцы, упэўнены палітык. А для гэтага трэба сцэнар мець добры. Ставіць у план не толькі размовы аб палітычным суверэнітэце, але і казаць, да прыкладу, пра “распродаж краіны” — апошняя фішка АГП.
Някляеву плошча Бангалор не падабаецца прынцыпова. Калонай разам прайсці да гэтага месца можна, а потым — кожны мае права альбо ісці далей, альбо збочваць на іншую імпрэзу. Калі яна будзе.
Фота: Змітра Лукашука, Алеся Пілецкага