Вулічны музыка: За гадзіну можна зарабіць 100 тысяч
Буйныя купюры кідаюць збольшага замежнікі, а міліцыя ганяе за жабраванне.
"Я займаюся прафесійна скрыпкай. Але мне падабаецца граць па розных пераходах. Гэта цікава, здорава, плюс - свой заробак нейкі ёсць. У будучым планую стаць прафесійным музыкантам", — распавядае зусім малады хлопец у падземным пераходзе ля метро "Пушкінская".
Вулічныя музыкі — абсалютна звыклая з'ява для еўрапейскіх гарадоў. У Мінску іх заўважаеш заўсёды выпадкова, і заўсёды радуешся, што вось і ў нас, як у Еўропе. Але не ўсім чамусьці гэта падабаецца. Нават легальны вулічны канцэрт гурта "Рэха" ў Мінску спецназ на аўтазаку не спыняе толькі дзякуючы прысутнасці прадстаўніка гарвыканкама. А музыкаў у пераходзе тым больш ганяюць...
"Кажуць, каб не гралі, таму што ім нібыта даюць па шапцы за гэта", — пакуль не прагналі, хлопец працягвае граць. Так за гадзіну зарабляе каля 100 тысяч рублёў. Людзі кідаюць у асноўным дробныя купюры. Самая вялікая — 50 тысяч, але гэта бывае вельмі рэдка. Пакуль назіраў за маладым скрыпачом, падышло з дзясятак чалавек, нехта кіне пару тысяч, нехта стос дробных сторублёвых. Увогуле, самыя папулярныя грошы ў футляры для скрыпкі — 100, 500 і 1000 рублёў. А вось дваццатак і дзясятак няма, што радуе.
"Розныя міліцыянты трапляюцца, — распавядаюць наступныя маладыя музыкі, якіх заўважаем на "Фрунзенскай", тут ужо трыа. — Некаторыя праганяюць, некаторыя праходзяць міма і ўсміхаюцца. Але часцей праганяюць. Кажуць, што гэта жабраванне, нелегальнае прадпрымальніцтва. Але людзям часцей за ўсё падабаецца, уздымае настрой. Мы граем на вуліцы, у розных гарадах турнэ робім. Нам падабаецца, мы атрымоўваем пазітыўныя эмоцыі ад людзей, усмешкі, вось — кветкі", — да дзяўчыны падыходзіць мужчына і дарыць букет.
Праўда, на гэтым не сканчаецца, мужчына пачынае грузіць моладзь на філасофскія тэмы, а гэта адпужвае людзей. За наступныя 10 хвілін, акрамя кветак, нічога ў чахле для гітары не з’явіцца. Заўсёды так? — пытаюся.
"Не, проста сёння дзіўныя рэчы адбываюцца. Журналісты розныя падыходзяць і прапаведнікі".
Але калі музыкі застаюцца ў спакоі, то людзі зрэдку кідаюць грошы — хто тысячу, хто трошкі болей. Маладыя людзі таксама вучацца: дзяўчына з гітарай — будучы піяніст, а хлопец з дудкай — гісторык. Кажуць, 100 тысяч за гадзіну зарабіць можна.
"Грошы, вядома, важныя, але часта людзі проста падыходзяць і хваляць ці кажуць "вялікі дзякуй". Гэта таксама натхняе. Мы калісьці гралі — я на гітары і дзяўчына на скрыпцы. За 2 гадзіны зарабілі 600 тысяч. Самае большае давалі 100 тысяч, два разы адной і той жа чалавек, але часцей за ўсё гэта замежнікі. Мы неяк гралі ў "Сталіцы" і сабралі вялікі натоўп людзей, мітынг цэлы, нас потым праводзілі ўсе разам у метро".
Цікава, што людзі, з большага моладзь, падыходзяць і кідаюць нейкія грошы, але паслухаць надоўга не спыняюцца. Мабыць, гэта спецыфіка пераходаў.