Віцебскія аўтамабілісты пасля акцыі “Стоп-бензін” плануюць акцыю “Стоп-ДАІ”
Учора супрацоўнікі ДАІ не дазволілі аўтамабілістам праехаць калонай па галоўнай вуліцы горада.
Некалькі дзесяткаў віцебскіх аўтамабілістаў ўзялі ўдзел у акцыі “Стоп-бензін”. У Віцебску яна пачалася крыху пазней, чым у іншых гарадах краіны — каля васьмі гадзінаў вечара. Гэта было зроблена, каб не замінаць іншым удзельнікам дарожнага руху ў “гадзіну пік”, калі многія едуць дадому з працы.
Аўтамабілі з налепкамі “Стоп-бензін! Я супраць падвышэння коштаў на паліва” ўтварылі чаргу на аўтазапраўцы. Кожны набываў па паўтара літры бензіну і разлічваўся драбязой.
Аўтамабілісты не здолелі праехаць калонай па галоўнай вуліцы горада. Віцебская ДАІ хутка зарыентавалася ў тым, што адбываецца, і выставіла сваіх супрацоўнікаў каля запраўкі і па меркаваным шляху руху калоны. Інспектары спынялі аўтамабілі і затрымлівалі іх, дасканальна правяраючы. Аднаго з удзельнікаў аштрафавалі за тое, што ён, нібыта, размаўляў па тэлефоне падчас руху. Абураныя такімі адносінамі аўтамабілісты выказалі намер правесці наступную акцыю пад назвай “Стоп-ДАІ”.
.