Віталя Гуркова запрасілі ў тайбаксёрскую “Лігу чэмпіёнаў”
Праўда, выступаць спачатку папрасілі пад расійскім сцягам. Таксама на суперпрэстыжны турнір Tigh Fight у Бангкок паляціць наш Андрэй Кулебін.
Пасля гучнага выступлення на чэмпіянаце свету па тайскім боксе, на суперпрэстыжны азіяцкі турнір Tigh Fight нечакана запрасілі дваіх беларусаў.
Віталь Гуркоў (71 кг) вызначыўся тым, што сенсацыйна перамог суперзорку прафесійнага тайскага бокса Кема ― чэмпіёна стадыёнаў і пераможцу мінулагодняга сезону Tigh Fight.
Андрэй Кулебін (67 кг) пераўзышоў яшчэ аднаго вядомага тайца “Інфініці” і стаў найлепшым байцом усяго чэмпіянату планеты.
Андрэй Кулебін. Фота IFMA
Турнір Tigh Fight ― гэта суперпапулярнае ў Азіі шоў. Сюды клічуць па восем найлепшых байцоў свету ў катэгорыях 67 і 70 кг. Паядынкі праводзяцца па самых жорсткіх прафесійных правілах. З абарончай амуніцыі толькі пальчаткі, капы і бандажы, якія абараняюць пахавую вобласць байцоў. Таму крывавыя рассячэнні і накаўты здараюцца куды часцей, чым у турнірах, якія праводзяцца па алімпійскай схеме.
Байцоўскі трунір Tigh Fight параўноўваюць з футбольнай Лігай чэмпіёнаў.
“Бой будзе 23-га кастрычніка. Сапернік мой з Францыі ― вельмі моцны прафесіянал Фарэс Бячар, ― кажа пра падрабязнасці чвэрцьфінальнага шоў Віталь Гуркоў. ― Ён змагаўся нямала з тайскімі прафесіяналамі, напрыклад, з Сіцічаем. Трэба настройваць сябе на сур’ёзны, цяжкі двубой”.
Віталь Гуркоў, фота са старонкі байца ў сацыяльных сетках
Прамоўтары з Tigh Fight патэлефанавалі Гуркову прама падчас чэмпіянату свету. Пасля перамогі над Кемам цэнтральныя спартовыя газеты гэтай азіяцкай краіны выйшлі з фотаздымкамі Віталя.
Вагавая катэгорыя 70 кг. для нашага байца нязручная. Напрыклад, на чэмпіянаце планеты ў яго здараліся сур’ёзныя складанасці са згонкай лішніх кілаграмаў.
Віталь Гуркоў: “Ужо даўно я збіраўся пераходзіць у іншую вагавую катэгорыю. Мне вельмі цяжка трымаць 70 кг. Але з’явіўся шанец, які бывае раз на жыццё, і тое, не ў кожнага. Таму трэба ім скарыстацца. Для мяне гэты двубой і ўдзел у гэтым турніры будзе тэстам: змагу справіцца з сабой ці не”.
Запрашэнне беларусаў на турнір Tigh Fight адразу ж пачалося з казусу. Прамоўтары запатрабавалі ў нашых байцоў выходзіць пад…расійскім сцягам.
Віталь Гуркоў: “Гэта вялікі, прэстыжны турнір, які вельмі папулярны ў Азіі. Ім вельмі важна, каб бралі ўдзел сусветна вядомыя краіны, каб гучала моцна. Былі праведзеныя суръёзныя перамовы, і мы адстаялі права змагацца за Беларусь”.
Па словах байца, нягледзячы на поспехі беларусаў на чэмпіянаце планеты па муай-тай, пра нашу краіну ў Азіі амаль не чулі. І вось з’явілася магчымасць яе “прапіярыць”.
Віталь Гуркоў: “Большасць азіятаў, якія не сустракаліся з тайскім боксам, не ведаюць, што ёсць такая краіна Беларусь. Называюць нас Part of Russia (частка Расіі, ― Еўрарадыё). Даўно ўжо прыйшоў час акрэсліць на міжнароднай прафесійнай арэне, што ёсць такая краіна ― Беларусь”.