Віктара Івашкевіча засцерагаюць ад "падрыву дзяржаўнага суверэнітэту"
Генпракуратура папярэдзіла прадстаўніка аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларускі рух" ад недапушчальнасці такіх дзеянняў.
Паводле слоў палітыка, папярэджанне звязанае з яго выказваннямі пра неабходнасць увядзення санкцый супраць уладаў Беларусі.
Віктар Івашкевіч: “Па тэлефоне мяне афіцыйна запрасілі ў пракуратуру “па пытанні маіх публічных выказванняў аб эканамічных санкцыях". Я там быў, была гутарка, яны сказалі, што напішуць гэтае папярэджанне і дамовіліся, што я прыйду яго забяру”.
Віктар Івашкевіч не лічыць сабе вінаватым. Нягледзячы на тое, што сапраўды 14 сакавіка распаўсюдзіў заклік да кіраўніцтва краін ЕС спыніць набыццё беларускіх нафтапрадуктаў. Зрабіў ён гэта толькі дзеля таго, каб такім чынам паспрабаваць уратаваць жыццё асуджанага на 2 гады і месяц калоніі актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленкі, які трымаў галадоўку, кажа Івашкевіч.
Палітык не выключае, што адначасова з папярэджаннем Генпракуратуры яго ўнясуць у спіс невыязных.
Фота — bymedia.net