Украінская ЦВК пералічвае галасы на 5 выбарчых акругах

121108_ty-mozhash.mp3

28 кастрычніка ў краіне адбыліся парламенцкія выбары. Цэнтральная выбарчая камісія Украіны яшчэ не абвясціла вынікі галасавання. У той жа час назіральнікі на выбарах і прадстаўнікі аб’яднанай апазіцыі сцвярджаюць, што падчас падліку галасоў адбываліся масавыя фальсіфікацыі. Назіральнікі кажуць, што праблемных акругаў было як мінімум 13, а магчыма нават і 40. Аднак пераліку галасоў атрымалася дамагчыся толькі на 5 з іх і тое, дзякуючы пастаянным пратэстам перад ЦВК. Перамогу сваіх кандыдатаў адстойвала на вуліцы і апазіцыйная партыя “Свабода”, якая ўпершыню трапляе ў парламент. Яна збудавала ў краіне дзейсную сетку, расказвае журналіст і ўдзельнік пратэстаў Алег Кацароў:

“Найболей канфліктных сітуацый было ў цэнтральнай Украіне, дзе апазіцыя перамагла, але не з вялікім адрывам. Партыя “Свабода” набрала шмат галасоў у цэнтральнай Украіне, і нават ва ўсходняй заўважны адсотак ўзяла. У іх шырока разбудаваная сетка партыйных актывістаў, таму яны актыўна адстойвалі сваіх кандыдатаў на мажарытарных акругах: накіроўвалі назіральнікаў, мітынгоўцаў, якія начамі  стаялі перад акруговымі камісіямі. Тое, што партыя “Свабода” так актыўна сябе праявіла, стымулявала і іншыя апазіцыйныя партыі”.

Пакуль працэс пераліку галасоў выглядае даволі хаатычна, заўважае Кацароў: суды рознага ўзроўню прымаюць розныя рашэнні. Аднак і самі выбаршчыкі не здаюцца. У некаторых акругах даходзіць не толькі да слоўных перапалак, але і да сілавых сутычак. Грамадзяне спрабуюць пільнаваць працэс падліку галасоў. Жадаючых адстойваць права на свабодныя выбары і празрыстае галасаванне не так шмат, як у 2004 годзе падчас “аранжавай рэвалюцыі”, тым не менш, адметнасць гэтай парламенцкай кампаніі ў тым, што людзі змагаюцца за свой голас не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Працягвае Алег Кацароў:

“ Цяпер ёсць іншая станоўчая тэндэнцыя — у гарадах, непасрэдна у акругах, дзе адбываюцца выбары, стала больш людзей прыходзіць пад свае акруговыя камісіі. І патрабаваць сумленнага падліку галасоў. Гэтага ў 2004 годзе не было”.

Дамагчыся пераліку вынікаў галасавання на 5 выбарчых акругах сёлета дапамог таксама і той факт, што сярод удзельнікаў ЦВК далёка не ўсе з’яўляюцца прыхільнікамі кіруючай улады, лічыць журналіст:

“ Але ёсць яшчэ адзін нюанс у Цэнтральнай выбарчай камісіі, не ўсе яе сябры лаяльныя да дзейснай улады, ёсць частка сяброў ЦВК, якія калі не сімпатызуюць апазіцыі, то паводзяць сабе больш-менш адэкватна”.

Пакуль складана казаць пра канчатковы вынік галасавання, вядома толькі адно: канстытуцыйную большасць не набрала ні праўладная “Партыя Рэгіёнаў”, ні аб’яднаная апазіцыя. Вынікі выбараў мусяць быць абвешчаныя да 15 лістапада.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праваабарончай праграмы “Кардыяграма”.