У ВНУ хвалююцца, што праз мяжу ў 7 балаў не хопіць абітурыентаў
Еўрарадыё набрала неабходныя 7 балаў са 100, расставіўшы крыжыкі ў тэсце па фізіцы наўздагад.
На энергетычны факультэт БНТУ летась паступіў абітурыент з вынікам тэста па фізіцы ў 1 бал са 100 магчымых. Але хлопец вылецеў на першай жа сесіі.
“Той ужо не вучыцца, паступіў на платнае. Усяго ў яго было 100 балаў, з усіх трох тэстаў. Але ён не здаў першую ж сесію, да фізікі не дайшоў”, - прыгадваюць на Энергетычным факультэце і спадзяюцца не на тэсціраванне, а на першую сесію.
У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце хвалююцца. Бо прахадную мяжу для абітурыентаў павысілі да 7 балаў. І цяпер абітурыентаў.... не хопіць!!!
“Мы ж адсейваем 10-12%, калі ўводзім гранічны бал у 7 балаў. І можа атрымацца, што мы не запоўнім усе бюджэтныя месцы. Такое было і ў мінулым годзе на некаторых педагагічных спецыяльнасцях. Летась на завочнае падавалі з 2, з 3 баламі. Магчыма, яны прайшлі на платнае”, - кажуць у прыёмнай камісіі Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта.
“Летась былі і тыя, хто з 2 баламі па профільных прадметах паступаў. Але яны не здалі першую ж сесію. Менш за 20% правільных адказаў, нават і гаворкі няма пра тое, каб браць такіх ва ўніверсітэт. ”, - расказваюць пра паступленне на фізічным факультэце БДПУ імя М. Танка.
Сёлета абітурыенты, якія набралі менш за 7 балаў са 100 магчымых не могуць паступаць у ВНУ. А ці складана набраць гэтыя 7 балаў на тэсціраванні? Набываем дапаможнік “Фізіка, аналіз памылак” ад Інстытута кантролю ведаў за 2011 год.
Знаходзім трэніровачны тэст. Журналісты Еўрарадыё “рашалі” тэст утраіх, нават не чытаючы заданняў, крыжыкі ставілі наўздагад. Максімальны бал - 9,5. Астатнія двое набіраюць неабходныя для паступлення 7 балаў.
Можна ісці на фізфак, па фізіках, кажуць цяпер недабор. Дарэчы, летась сярэдні бал на тэсціраванні па фізіцы ўсяго 18,6.
У Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова з 7 баламі не паступаюць. Мінімум, які прыгадваюць у рэктараце – 10 балаў. Але і гэтай мяжы не дастаткова, там прапануюць адмяніць тэсціраванне.
“Я б наогул адмяніў усялякія межы, а галоўным чынам, – цэнтралізаванае тэсціраванне. Гэтым тэсціраваннем мы значна знізілі ўзровень агульнай сярэдняй адукацыі. Сёння прыярытэт-тэсціраванне, а для гэтага ідзе несістэмная падрыхтоўка, а нацягванне ў рэпетытара. Гэта павярхоўныя веды”, - расказвае прарэктар па вучэбнай працы Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова Мікалай Бузук.
Па меркаванні міністра адукацыі Сяргея Маскевіча “мяжа ў 7 балаў дазволіць адсеяць каля 10 тысяч чалавек”. А гэта прыкладна 10% ад усіх абітурыентаў.
Фота: vetka.by