У Віцебску прайшла ноч музееў у японскім стылі (фота)
Віцебскі абласны краязнаўчы музей 14 мая прапанаваў наведвальнікам правесці ноч у японскім стылі.
Ноч музееў, праўда, доўжылася толькі да 23.00. У музеі працавалі не толькі выставы, але і шматлікія майстар-класы. Наведвальнікаў вучылі маляваць японскія паштоўкі, рабіць папяровых жураўлікаў, складаць кампазіцыі-ікэбана з жывых раслін і рабіць “дрэўцы шчасця” з сушаных кветак ды моху.
Аматары паэзіі маглі паслухаць лекцыю аб творчасці Басё ды самі паспрабаваць напісаць верш у стыле танка ці хокку. Адна зала была адданая пад паказ дакументальных фільмаў аб Японіі ды японскіх мульцікаў. Майстрыхі вучылі наведвальнікаў таксама рабіць вязаныя японскія цацкі амігурумі, клеіць з паперы кветкі сакуры. Дзяўчаты маглі зрабіць сабе фрызуру ў японскім стылі, а хлопцы — займець часовае тату з выявай дракона.
Валанцёры з Чырвонага Крыжа збіралі ахвяраванні на карысць пацярпелых падчас цунамі і землятрусаў у Японіі.
У той жа час у музеі Шмырова праводзілі ноч у стыле мілітары: на падворку шпацыравалі пераапранутыя ў форму часоў Другой сусветнай вайны аматары гістарычнай рэканструкцыі, была выстаўлена зброя ды прадметы побыту тых часоў, гарэла “партызанскае” вогнішча, а ў “зямлянках” спявалі ваенныя песні.