У плэй-оф Лігі Еўропы БАТЭ згуляе з ПСЖ
17 снежня ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне 1/16 Лігі Еўропы. Барысаўскі БАТЭ атрымаў у сапернікі французскі клуб "Пары Сэн-Жэрмэн".
Шарык з назвай барысаўскай каманды дасталі з кошыка перадапошнім. У іншым кошыку на той момант заставаліся толькі Leverkusen ды ПСЖ. Менавіта парыжан лёсаванне і вызначыла ў спарынг-партнёры барысаўчан.
Прынцыповыя сапернікі БАТЭ па адборачнай групе — "Дынама" (Кіеў) — сустрэнуцца з турэцкім "Бешыкташам". Іншы ўкраінскі клуб — "Металіст" — згуляе супраць нямецкага Leverkusen. "Лех" былога паўабаронцы БАТЭ Сяргея Крыўца сустрэнецца з партугальскім клубам клубам "Брага".
Цікава, што два расійскія ўдзельнікі Лігі Еўропы — "Спартак" (Масква) і "Зеніт" (Санкт-Пецярбург) — сустрэнуцца з дзвюма швейцарскімі камандамі, "Базэлем" і Young Boys адпаведна. Маскоўскі ЦСКА згуляе супраць грэцкага клуба PAOK, яшчэ адзін расійскі клуб — казанскі "Рубін" — будзе супрацьстаяць Twente з Галандыі.
У выніку перамогі БАТЭ сустрэнецца з пераможцам пары "Бенфіка" — "Штутгарт".