У Магілёве Народны сход глушылі газонакасілкамі і пужалі вадамётамі (фота)

У Магілёве на стадыёне ля закінутага Палаца культуры сабралася каля 150 чалавек. Напярэдадні пракуратура папярэдзіла арганізатара сходу, але ў выніку сабрацца дазволілі. На стадыён пусцілі ўсіх ахвотных, на ўваходзе зрэдку людзей правяралі супрацоўнікі міліцыі з металашукальнікамі.


Міліцыя рыхтавалася загадзя. Слухачы Еўрарадыё даслалі здымкі таго, як у раён Быхаўскага рынка сцягнулі шмат міліцэйскіх аўтамабіляў і нават вадамёт.


Выступоўцаў глушылі газонакасілкамі. На стадыён прыгналі рабочых касіць траву. Пазней яны спынілі працу і пачалі касіць пасля завяршэння сходу.


На сход прыйшоў і галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі гарвыканкама А. Балашэнка.


Прысутныя запатрабавалі вызваліць палітвязняў, спыніць рост коштаў, індэксаваць заробкі і даць бясплатны праезд магілёўскім студэнтам. Апошніх, дарэчы, на сход не пусцілі.


У магілёўскім універсітэце паставілі 4 пару. Напрыклад, на гістфаку ўсяму патоку паставілі лекцыю па методыцы выкладання. Жанчыну, якая прыйшла адзначаць адсутных, сустрэлі бурнымі авацыямі.

Наступны сход было вырашана прызначыць на тым самым месцы на 12 лістапада.