У Брэсце на 1 траўня не дазволілі пікет у парку імя 1 траўня
Прафсаюзныя актывісты збіраюцца ехаць на дазволеную акцыю ў Мінск.
Пікет на Свята працы не дазволілі ў Брэсце мясцовыя ўлады. Ён мусіў прайсці ў парку імя 1 траўня. Пра гэта паведаміла заяўляльніца, актывістка прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці РЭП Аляксандра Гурына:
"Мы з Зінаідай Міхнюк заяўлялі пікеты. Я — каля ўваходу ў Палац культуры прафсаюзаў, яна — каля ўваходу ў парк 1 траўня. Не дазволілі. Маўляў, дазволенае месца ў нас стадыён “Лакаматыў”. Дык мы напісалі, што прапануем перайменаваць парк 1 траўня ў парк “На дне”.
Аляксандра Гурына нагадала, што гарадскі парк быў названы ў гонар Міжнароднага Дня працоўных, бо там "пры цары" збіраліся на “маёўкі” рабочыя і месцічы. Цяпер прафсаюзныя актывісты збіраюцца ехаць у Мінск, дзе прафсаюзу дазволілі масавае мерапрыемства.