Ці магчыма скарыстацца паслугамі беларускага адваката задарма?
Еўрарадыё даведалася, хто мае права на бясплатную юрыдычную дапамогу і колькі сёння каштуе адвакат.
Многія лічаць, што “дзяжурнага” адваката ў любым разе выдзяляюць задарма.
“У нас бясплатнай работы не бывае, — адказваюць на гэта ў юрыдычнай кансультацыі Навабеліцкага раёна Гомеля. — Калі мы першапачаткова бясплатна працуем, то потым грошы спаганяюцца”.
У Гомелі, да прыкладу, сярэдні кошт аднаго дня працы адваката — 600 тысяч рублёў. Прыкладна палова ганарару ідзе ў адвакацкую кішэню, астатняе — на падаткі, у калегію і гэтак далей. У розных гарадах розныя стаўкі.
“Разлічвайце, што 400-500 тысяч рублёў за адзін дзень будзе, — распавядаюць Еўрарадыё пра свае кошты ў юрыдычнай кансультацыі №2 Віцебска. — Работа можа цягнуцца і паўгадзіны, і гадзіну, і дзве, і тры, розніцы ў аплаце няма”.
У Мінску цэннік насцярожвае яшчэ больш.
“У раёне мільёна рублёў за адзін дзень. Пачынаючы ад 800 тысяч. Залежыць, хто з адвакатаў будзе займацца, — распавядаюць нам у юрыдычнай кансультацыі Ленінскага раёна Мінска.
Еўрарадыё: А розныя скаргі…
Юркансультацыя Ленінскага раёна Мінска: “Гэта аплачваецца асобна. Складанне працэсуальнага дакумента каштуе ў раёне 500 тысяч беларускіх рублёў”.
Звычайная юрыдычная кансультацыя ў сталіцы абыйдзецца прыкладна ў 200 тысяч.
Сярэдняй зарплаты на адваката можа не хапіць
Тэлефануем пад выглядам кліентаў у юркансультацыю Першамайскага раёна сталіцы. Пытаемся, колькі грошай трэба, каб абараніць сваяка-хулігана, супраць якога распачалі крымінальную справу па факце нанясення цялесных пашкоджанняў.
Юркансультацыя Першамайскага раёна: “Вось і лічыце. Трэба будзе адвакату два разы схадзіць у міліцыю, дзень удзелу каштуе мільён. Атрымліваецца, два мільёны. Тое самае з судом. Калі за адзін дзень скончыўся — значыцца, адна сума, калі за два — то за працягласць трэба плаціць”.
Падлічваем на паперы: калі паслугі адваката каштуюць мільён рублёў і яму на разбор крымінальнай справы спатрэбіцца пяць дзён, то ўжо адлічваем са свайго партманета пяць мільёнаў. Плюс тры дні ў судзе. Атрымліваецца сума ў восем мільёнаў. І гэта без уліку скаргаў, пратэстаў, хадайніцтваў і іншых працэсуальных дакументаў. Пры гэтым афіцыйная сярэдняя зарплата па краіне — каля 4 мільёнаў рублёў. На юрыдычную дапамогу па такой крымінальнай справе не хопіць.
Калі няма грошай на адваката...
У законе “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці” ёсць артыкул 28, дзе пералічваюцца магчымасці бясплатнай юрыдычнай дапамогі. Дакладней, адвакат сваю зарплату атрымлівае, але са сродкаў калегіі.
Не плаціць за юрыдычную дапамогу могуць:
• ісцец у судзе першай інстанцыі (калі справа звязана з працоўнымі адносінамі і аліментамі);
• ветэраны Вялікай Айчыннай вайны (калі вусная кансультацыя);
• грамадзяне пры складанні заяваў на атрыманне пенсій і дапамог;
• інваліды першай і другой груп падчас кансультацый, калі не трэба азнаямляцца з дакументамі.
Але што рабіць, калі, напрыклад, у вас маладая сям’я, дзіцё, і на дваіх з жонкай вы зарабляеце якія-небудзь тры мільёны?
“Існуе такое паняцце як вызваленне ад аплаты, — тлумачыць Вера Арэшка, намеснік старшыні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. — Падаюцца даведкі аб даходах кожнага члена сям’і за апошнія тры месяцы, дакументы наконт наяўнасці прызначаных пенсій і дапамог і так далей. Кожная заява разглядаецца, і часта прымаецца рашэнне, калі людзям аказваецца дапамога за кошт сродкаў калегіі”.
Выходзіць, атрымаць у беларускіх юрыдычных кансультацыях бясплатную дапамогу магчыма. Хоць, гандлюючыся за гэта права, не кожны чалавек будзе адчуваць сябе камфортна.
Высокія кошты на адвакатаў — сусветная практыка. Хто не можа плаціць, звяртаюцца ў праваабарончыя арганізацыі, якія працуюць і ў Беларусі.