Таржкоў: Беларусы маглі б трэніравацца столькі, колькі трэба!

Віцэ-прэзідэнт КХЛ Уладзімір Таржкоў з’яўляецца прыхільнікам здаровага ладу жыцця. Але пасля паразы, якую беларусы атрымалі ад французаў, не ўтрымаўся ад жарта: “Ну што, Павел, час нам пайсці ў запой…”

“Напэўна, я не самы адданы заўзятар беларускай зборнай, — ужо ўсур’ёз заўважае спецыяліст. — Але нават я да апошняга захоўваў надзею. Не верыў, што беларусы не выйдуць у плэй-оф, а пра выхад у другую стадыю чэмпіяната дык і ўвогуле думаў, як пра вырашаную справу. Але атрымалася тое, што атрымалася… А лепш пакуль што сказаць — не атрымалася. Не атрымалася ў Эдуарда Занкаўца і яго трэнерскага штаба з канкрэтнай камандай — беларускай зборнай. З Касціцыным, на якога ўскладаліся вялікія надзеі. Але ён прыехаў не ў тым стане, на які спадзяваліся. Бачна, што ён не гатовы да чэмпіяната, што ён не ў парадку. Ні з Грабоўскім ударнага звяна ў яго не атрымалася, ні без яго.

А з іншага боку, яго жаданне згуляць як мае быць відавочнае. Але з агульнага ансамбля ён выпадае. Ды і паглядзіш на кожнага хакеіста зборнай Беларусі — усе імкнуцца гуляць добра. А гульні няма. І ўсе, здаецца, піляць — але каб пайшоў сапраўдны запіл, каб усё было як па нотах — трэба, відаць, яшчэ трэніравацца і трэніравацца! Карацей, вельмі крыўдна за хлопцаў”.

На думку Ўладзіміра Таржкова, перавагу над сапернікамі беларусы маглі б атрымаць падчас сур’ёзных і працяглых збораў нацыянальнай каманды. Такіх, якія шмат дзе немагчымыя ўвогуле:

Уладзімір Таржкоў: “Усё ж такі ў Беларусі хакей — гэта дзяржаўны від спорта. І ёсць у краіне парадак, які мог бы дазволіць трэніраваць зборную столькі, колькі трэба. А далей — парадак б’е клас! Паглядзіце хаця б на немцаў з іх славутым педантызмам. Летась зборная Расіі іх ледзь-ледзь прайшла ў ½ фінала чэмпіяната свету. І сёлета яны выглядаюць вельмі прыстойна. А чым немцы мацнейшыя за беларусаў? Ды нічым! Але беларуская каманда апынулася непадрыхтаваная...”

А за падрыхтоўку адказвае трэнерскі штаб. Зразумела, не нам судзіць Эдуарда Занкаўца і яго асістэнтаў. Ды і ўвогуле гульнявыя віды спорта — не тыя, у якіх ад каманды можна патрабаваць татальнай стабільнасці. Але…

“Няма сістэмнай каманднай гульні. Гэта значыць, яна не пастаўленая. Але мой погляд на беларускую зборную — погляд з Масквы — погляд здалёк, ён не такі пільны, каб выступаць з крытыкай, — лічыць Уладзімір Таржкоў. — Тым больш, што, напрыклад, у Валодзі Цыплакова ёсць і трэнерскія поспехі: ён на студэнцкіх гульнях добра выступіў. Здаецца, беларусы расіянам прайгралі ў фінале, і яго як старэйшага трэнера нават папракалі гэтым другім месцам…

Але якраз на вашйм сайце я чытаў інтэрв’ю Ўладзіміра Крыкунова, які год таму вельмі рэзка выказаўся наконт Эдуарда Занкаўца. Мяне гэтае выказванне нават крыху збянтэжыла: існуе ж салідарнасць паміж трэнерамі! Натуральна, Крыкуноў — рэзкі мужык, але, на маю думку, гэта ўсё ж занадта. Я працаваў у Санкт-Пецярбурзе з Занкаўцом. Ён не выконваў у СКА галоўных роляў. Але не быў ён і перакладчыкам! А з іншага боку, паважаны адмыслоўца, які глыбока ў тэме беларускага хакею, яшчэ год таму вельмі скептычна выказваўся наконт рэсурса трэнерскага штаба зборнай Беларусі. Усё ж такі, відаць, трэба было Крыкунова тады паслухаць. Хаця і з папраўкай на яго жорсткі характар”.

Фота: daylife.com.