Тайбаксёр Віталь Гуркоў сенсацыйна перамог зорку тайбоксу (відэа)
Беларускі баец, вядомы прыхільнасцю да беларускай мовы, трыўмфальна выйшаў у фінал чэмпіяната свету.
У гэтыя дні Санкт-Пецярбург прымае першынство планеты па тайскім боксе. Беларускі баец нечакана для многіх перамог аднагалосным рашэннем суддзяў суперзорку з Тайіланда Кема Сітсонгпінонга. Тайскі баец з’яўляецца чэмпіёнам стадыёна Раджадамнэн і пераможцам самага прэстыжнага на планеце прафесійнага турніра Tigh Fight. Але нічога парабіць з беларусам ён не змог.
Артур Смірноў, сябар Віталя Гуркова, які сачыў за спаборніцтвамі, распавядае пра канцоўку гэтага двубоя: “У трэцім і чацвёртым раўндах таец ужо моцна стаміўся, і ў чацвёртым раўндзе Віталь трымаў яго ля канатаў і разбіваў. Ніхто не сумняваўся ў нашай перамозе”.
Фіналы чэмпіяната свету пройдуць у чацвер 13 кастрычніка, Гуркоў сустрэнецца з расійскім байцом Зайналабідам Магамедавым, якому нечакана прайграў на апшнім чэмпіянаце Еўропы.
Нагадаем, што Віталь Гуркоў з’яўляецца заслужаным майстрам спорту Беларусі. Ён стаў адным з першых беларускіх спартоўцаў, які даў інтэрв’ю тэлебачанню па-беларуску.
На афіцыйных чэмпіянатах свету ён яшчэ не прайграваў ніколі.