Сяргей Каваленка абвясціў галадоўку

Раніцай 22 красавіка віцебскага актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку міліцыянты забралі ў ізалятар часовага ўтрымання на 12 сутак.

Апазіцыянер адразу абвясціў, што будзе працягваць галадоўку пратэсту супраць, як ён гаворыць, "унутранай акупацыі" -- супраць міліцэйскага начальства, кіраўніцтва ІЧУ, СІЗА, КДБ.

Спадар Каваленка лічыць, што супрацоўнікі міліцыі ды іншых структураў беспадстаўна караюць апазіцыйных актывістаў, у тым ліку і ўдзельнікаў мінскай акцыі 19 снежня.

Сяргей Каваленка мусіць адбыць у ізалятары часовага ўтрыманьня 12 сутак, бо 4 красавіка яго адпусцілі з-пад апошняга 15-суткавага арышту. На думку апазыцыянера, яго часовае вызваленне абумовілі папярэднія галадоўкі, якія ён праводзіў у ІЧУ з 26 сакавіка, паведамляе Радыё Свабода.

25 сакавіка яму прысудзілі 7 сутак арышту за акцыю да Дня Волі: напярэдадні ён выйшаў у цэнтар Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сцягамі. 1 красавіка, адразу на выхадзе з ізалятара, яго зноў затрымалі. Паводле рашэння крымінальна-выканаўчай інспекцыі, актывіста прызналі парушальнікам рэжыму адбывання ранейшага пакарання - ён адбывае так званую "хатнюю хімію", тры гады абмежавання волі "ўмоўна" пасля вывешвання бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня мінулага года.

У час другога арышту актывіст працягнуў галадоўку пратэсту, і на 11 дзень галадавання трапіў у кардыялягічнае аддзяленне гарадскога шпіталя. 8 красавіка яго выпісалі і адразу ж адпусцілі дахаты: як патлумачылі ў ІЧУ, на час разбіральніцтва па ягоных скаргах.

Актывіст падаваў скаргі ў гарадскую пракуратуру, але там вырашылі, што абодва арышты цалкам законныя. Цяпер Сяргей Каваленка будзе знаходзіцца ў ІЧУ да 4 траўня.