Суд прызнаў правамернай новую тактыку магілёўскай міліцыі
Магілёўскі абласны суд сёння пакінуў у сіле прысуды ўдзельнікам пікета салідарнасці, асуджаным раней судом Ленінскага раёна Магілёва.
Нагадаем, 8 лютага Валянцін Лабачоў быў пакараны 7 суткамі адміністратыўнага арышту, Сяргей Нягацін — 5 суткамі, шматдзетная маці Наталля Шкадун атрымала папярэджанне.
Пікет адбыўся 16 студзеня і цягнуўся ўсяго 10 хвілін. Ягоныя ўдзельнікі трымалі ў руках партрэты палітвязняў. Прычым міліцыя ніякіх патрабаванняў разыйсціся не выстаўляла. Проста, як апынулася, сфатаграфавала пікетчыкаў, а фотаздымкі пасля былі прад'яўленыя ў судзе як "доказы" віны.
На думку юрыста Барыса Бухеля, гэтая новая тактыка магілёўскай міліцыі стварае небяспечны прэцэдэнт. “Такім чынам можна скласці пратакол і абвінаваціць у парушэнні любога чалавека, хоць ён нават стаіць з чыімсьці партрэтам на аўтобусным прыпынку”, — адзначыў праваабаронца.
Сённяшняе рашэнне абласнога суда будзе абскарджанае, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".