Спікер парламента і яго намеснік пакуль канкурэнтаў на выбарах не маюць

120724 Luka6uk_Deputaty.mp3

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ідзе на чацвёрты тэрмін. Усё ў тым жа горадзе Глыбокім. Як паведамілі Еўрарадыё ў Докшыцкай акруговай выбарчай камісіі №22, Андрэйчанка ўжо зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу. Прычым канкурэнтаў у яго няма.


Акруговая камісія №22: “Так, ён ужо зарэгістраваў”.


Еўрарадыё: “А колькі ў вас увогуле зарэгістравалася ініцыятыўных груп?”


Акруговая камісія №22: “Адна! Але ўсё магчыма — палітычныя партыі, працоўныя калектывы яшчэ могуць вылучаць”.


Вылучаць партыі і калектывы могуць да 13 жніўня. Але рэгістрацыя ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў ад апазіцыйных палітычных партый практычна завершаная. Таму калі нейкі канкурэнт у старшыні парламента і з’явіцца, то наўрад ці сур’ёзны.


Вырашыў пазмагацца за мандат і намеснік старшыні парламента Віктар Гумінскі. Вось толькі акругу памяняў. Калі мінулы раз ён ішоў па Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе №62, то цяпер перабраўся ў раён.


У акруговай камісіі №62 бачаць у такой “здрадзе” жаданне дэпутата ў будучыні падтрымаць тых людзей, якім ён не мог раней дапамагчы, бо не іх прадстаўляў у парламенце. Але Еўрарадыё заўважыла іншую акалічнасць. Канкурэнтаў па суседстве... няма!


Акруговая камісія №62: “Па 63-й акрузе ён рэгістраваў сваю ініцыятыўную групу. І на дадзены момант там зарэгістраваная толькі адна яго ініцыятыўная група”.


Дэпутат і кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька атрымаў мандат у Свіслацкай акрузе №94 сталіцы. Але на гэтых выбарах сярод імёнаў прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла яго прозвішча няма. А на пытанне Еўрарадыё, ці ёсць там вядомыя людзі, прадстаўніца выбарчай камісіі адказала каротка: Артур Фінкевіч.


Старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Уладзімір Здановіч тры разы абіраўся дэпутатам у Днепра-Бугскай акрузе №10. Гэтым разам яго ініцыятыўнай групы ў спісе няма. Як і кагосьці з іншых больш-менш вядомых людзей, прызнаецца сакратар камісіі. Затое сваю групу зарэгістраваў беспрацоўны. Праўда, прыгадаць яго прозвішча так і не здолела.


Не прынёс спісы сваёй ініцыятыўнай групы ў родную Уручскую акругу №109 Мінска і старшыня Камісіі па нацыянальнай бяспецы Ігнацій Місурагін. Затое ў спісах з’явілася іншае вядомае прозвішча — лідара руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча.


Па гэтай акрузе ўжо зараз зарэгістраваныя 9 (!) ініцыятыўных груп і таксама ёсць адзін беспрацоўны. Даволі цікавая асоба.


Акруговая камісія №109: “Адзін беспрацоўны. Такая кандыдатура... У мінулым ён прыцягваўся і да адміністрацыйнай адказнасці, былі падчас рэгістрацыі пытанні наконт яго ініцыятыўнай групы — рэгістраваць ці не. Разглядалася пытанне зняцця, але пасля кансультацый з Цэнтральнай выбарчай камісіяй ён быў зарэгістраваны. Аднак не факт, што ён збярэ неабходную колькасць подпісаў. Неадэкватныя паводзіны крыху. Гэта чалавек, які ўсім незадаволены, па прозвішчы Мажальскі А.А.”.


Ісці на другі тэрмін вырашыў старшыня парламенцкай Камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Мікалай Самасейка. Ці ёсць сярод канкурэнтаў вядомыя асобы, прадстаўнік Старавіленскай выбарчай акругі №105 сталіцы не кажа.