Спіс "неўяздных" у Беларусь праваабаронцаў пашыраецца

21 красавіка Міхаіл Каменеў, намеснік кіраўніка Ўсеўкраінскай моладзевай арганізацыі "Фундацыя рэгіянальных тніцыятываў", сябра Грамадскай рады пры МУС Украіны пры праверцы дакументаў на мяжы даведаўся, што знаходзіцца ў "спісе неўяздных" у Беларусь. Міхаіл накіроўваўся ў Мінск у якасці інфармацыйнага памочніка кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з Правамі Чалавека ў Беларусі. Цяпер у замежным пашпарце Міхаіла стаіць штамп "уезд забаронены", тэрмін дзеяння забароны не паказаны.

Каменеў ўслед за Марынай Цапок і Максімам Кіцюком стаў ужо трэцім праваабаронцам з Украіны, якому забаранілі ўезд у Беларусь. У аналагічнай сітуацыі апынуўся і грамадзянін Расіі Андрэй Юраў, кіраўнік Міжнароднай назіральнай Місіі, выправаджаны з Мінска 16 сакавіка.

"Мы лічым, што падобныя дзеянні могуць быць расцэненыя як наўпроставыя перашкоды ў працы Міжнароднай назіральнай місіі, бо, з меркаванняў аб'ектыўнасці і бесстароннасці, у яе складзе могуць быць толькі праваабаронцы-замежнікі, а ім цяпер, мяркуючы па ўсім, шлях у Беларусь зачынены", — каментуе сітуацыю Марына Цапок, сакаардынатарка Кіеўскага інфармацыйнага цэнтра Камітэта.

МЗС Украіны ўжо перадаў ноту Амбасадзе Беларусі ва Ўкраіне з просьбай даць вычарпальную інфармацыю пра прычыну забароны ўезду ў краіну Марыне Цапок 20 красавіка. Прадстаўнік МЗС выказаў надзею, што для грамадзян Украіны ўсё ж не існуе "чорных спісаў", што супярэчыць добрасуседскаму духу двухбаковых адносінаў.