Сліжэўскі: я не ведаю, чаму спыняліся гучныя крымінальныя справы
Міністр юстыцыі не здолеў пракаментаваць вызваленне ад крымінальнай адказнасці дваіх полацкіх чыноўнікаў.
У адказ на просьбу Еўрарадыё пракаментаваць вызваленне ад крымінальнай адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў экс-старшыні Полацкага гарвыканкама Уладзіміра Тачылы і Полацкага райвыканкама Валерыя Палідаўца, Сліжэўскі заявіў, што гэта — "па-за кампетэнцыяй Мінюста".
130207_slijeuskiguchnyjaspravy.mp3
Алег Сліжэўскі: “Спыненне крымінальнай справы… Я зараз не валодаю інфармацыяй — па якіх прычынах тыя ці іншыя крымінальныя справы спыняліся, бо Міністэрства юстыцыі ў дадзенай сферы свае функцыі не ажыццяўляе”.
Нагадаем, днямі стала вядома, што яшчэ 27 снежня 2012 года, пасля напісання прашэння аб памілаванні на імя кіраўніка краіны, былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў былыя полацкія чыноўнікі. Нібыта, на падставе таго, што цалкам кампенсавалі нанесеную сваімі дзеяннямі шкоду.
Раней паведамлялася, што Тачыла абвінавачваўся ў тым, што ў 2009 годзе незаконна выдзяліў для сябе і сваіх сваякоў зямлю ў Полацку ў зоне ландшафта, які ахоўваецца, на тэрыторыі каля Спаса-Ефрасіньеўскага жаночага манстыра. Такім чынам ім былі перавышаныя службовыя паўнамоцтвы, а гісторыка-культурная каштоўнасць — пашкоджаная.