Што азначае перакваліфікацыя абвінавачання для Бяляцкага?

10 лістапада судовае паседжанне па справе Алеся Бяляцкага было непрацяглым. Не дачакаўшыся абедзеннага перапынку, пракурор папрасіў у суддзі паўзу да 16 лістапада. І абгрунтаваў сваю просьбу неабходнасцю “істотна перакваліфікаваць абвінавачанне”. Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэту Гары Паганяйла расказаў Еўрарадыё, што гэтае рашэнне не было нечаканым.

“Не асабліва нечаканае. Па ходу судовага следства для ўсіх было зразумела, што сур’ёзнымі доказамі абвінавачанне Алеся Бяляцкага, па таму складу, які яму інкрымінаваны, 243 частка 2 КК Рэспублікі Беларусь, не валодае. І калі я правільна зразумеў тыя матэрыялы, тыя пытанні, якія задаваў сёння пракурор, яны сведчаць у большай ступені пра тое, што Бяляцкі і яго калегі па праваабароне пры наяўнасці такіх абставінаў як ліквідацыя арганізацыі па рашэнні суда, працягвалі дзейнічаць”.

Такім чынам, на думку юрыста, Бяляцкага могуць абвінаваціць у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Адначасова зняўшы абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў. Паганяйла дадае, што перакваліфікацыя абвінавачання для Бяляцкага – адназначна добрая навіна. Максімум, што яму можа пагражаць па гэтаму эпізоду – два гады пазбаўлення волі. Гэта нашмат менш, чым сем.

“Гэтае абвінавачанне у менш цяжкім злачынстве. І там альтэрнатыва нашмат большая. І штраф, і абмежаванне волі, і пазбаўленне волі да двух гадоў усяго. У той час, як мы ведаем, па гэтай справе, па 243, ч.2, да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй, альбо без канфіскацыі маёмасці”.

Аптымізм Паганяйлы не падзяляюць паплечнікі Алеся Бяляцкага па працы ў “Вясне”. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што ў выніку перакваліфікацыі справы і новых абвінавачванняў, на лаве падсудных могуць аказацца і ён сам, і іншыя праваабаронцы.

“І мяне сёння вельмі насцярожыла, што па “Вясне” задавалася вельмі шмат пытанняў пракурорам, цытаваўся сайт, здымалася інфармацыя з сайта, шмат пытанняў задавалася па “Вясне”... Насцярожвае, што мы самі з Лабковічам часта ўзгадваемся ў матэрыялах. Калі пойдзе па такім сцэнарыі, то я мяркую, што мы можам быць наступнымі асобамі, якія будуць пераследавацца ўладамі”.

Як будзе развівацца далей справа Алеся Бяляцкага, пабачым 16 лістапада. Паседжанне адновіцца ў судзе Маскоўскага раёна а 10-ай гадзіне.