Шарэпка: колькасць нелегалаў павялічылася ў дзясяткі разоў
А вялізныя чэргі на беларуска-польскай мяжы “рэгулююць” моцныя хлопцы з кароткімі прычоскамі.
Тым не менш на прапанову з боку польскай амбасады абмеркаваць гэтыя праблемы і паспрабаваць знайсці іх вырашэнне, беларускія памежнікі не адгукаюцца. Пра гэта распавёў падчас прэс-канферэнцыі амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка:
121114_szarepka4.mp3
“Згодна з нашымі дадзенымі колькасць нелегальных мігрантаў у 10 разоў вырасла за апошні час. Мне кажуць, што там [на памежных пераходах] вечарам правяць баль “крутагаловыя”. Якія спрабуюць камандаваць у чарзе, хто можа, а хто не ехаць праз мяжу. Тут трэба размаўляць і я звярнуўся да новага кіраўніка вашай памежнай службы, каб сустрэцца і пагаварыць з ім пра гэта. Два месяцы таму ноту даслаў, але ніякага адказу няма”.
Замест гэтага, абураецца дыпламат, даходзяць звесткі, што на беларуска-польскай мяжы “знайшлі нейкую схованку з выбухоўкай, нейкі там выбух адбыўся”.
Адначасова, распавёў Шарэпка, беларускі бок ніяк не можа канчаткова ратыфікаваць дамову наконт малога памежнага руху. Мяркуецца, што ён дасць магчымасць без візаў ездзіць жыхарам 50-кіламетровай памежнай тэрыторыі з абодвух бакоў мяжы ў суседнюю краіну. Польскі бок, дарэчы, ратыфікаваў гэтую дамову яшчэ ў 2010 годзе. Па словах польскага дыпламата, няма ніякага адказу беларускага боку і на прапанову абмеркаваць магчымасць зменшыць кошт шэнгенскіх віз для беларусаў з 60 да 35 еўра.