Саннікаў падаў у Генпракуратуру заяву на Лукашэнку
Нагодай стала праслухоўванне яго тэлефонаў да і падчас выбарчай кампаніі.
Тэкст заявы палітвязня перадала "Хартыі'97" жонка палітыка Ірына Халіп. На думку Саннікава, "у любой дзяржаве, дзе існуе законнасць, падобныя дзеянні аднаго з кандыдатаў супраць апанента прыводзяць да яго зняцця з выбараў, а ў выпадку з кандыдатам ад улады — да імпічменту ці адстаўкі". Як прыклад ён згадвае Уотэргейт і адстаўку амерыканскага прэзідэнта Ніксана.
Нагадаем, што аб праслухоўванні тэлефонаў кандыдатаў у прэзідэнты паведамлялася на судах па "справе 19 снежня". Санкцыю на праслухоўванне давалі ў Генпракуратуры. У прыватнасці, Саннікава праслухоўвалі з 28 ліпеня 2010 года з санкцыі намеснікаў Генпракурора Кукліса і Лашына. Матэрыялы праслухоўвання выкарыстоўваліся на судзе над палітыкам.