Санкцыі ЗША Мінскаму заводу колавых цягачоў не пагражаюць?

Пра гэта Еўрарадыё даведалася ад дарадцы генеральнага дырэктара Мінскага завода колавых цягачоў Аляксандра Гука:

“У “КБ Радар” уваходзіць, сярод іншых, ААТ “Волат-аўта”. Мы да гэтага прадпрыемства ніякіх адносінаў не маем. Мы ніколі не былі іх даччыным прадпрыемствам”.

Нагадаем, днямі дзярждэпартамент ЗША паведаміў аб новых санкцыях ЗША супраць беларускіх прадпрыемстваў. Гэта — кампаніі “ТМ Сервісіз” і Рэспубліканскае навукова-прамысловае ўнітарнае прадпрыемства КБ “Радар”, а таксама іх дачынныя структуры.

Як паведамляла Еўрарадыё са спасылкай на "Народную волю", кіруючай кампаніяй холдынгу "Сістэмы радыёлакацыі" з'яўляецца ААТ "КБ Радар". Таксама ў холдынг уваходзяць ААТ "Алевкурп" і ААТ "Волат".

"Волат" — гэта брэндавая назва Мінскага завода колавых цягачоў. І менавіта ён наўпроставых адносінаў да ААТ "КБ Радар", на які распаўсюджваюцца санкцыі, не мае. Тым не менш прадстаўнік Мінскага завода колавых цягачоў не адмаўляе супрацы з гэтым прадпрыемствам.

Аляксандр Гук: “Супрацоўнічаць мы супрацоўнічаем, але гэта чыста камерцыйныя адносіны, але ў іх холдынг мы ніколі не ўваходзілі”.

Але гэта азначае, што для “КБ Радар” Мінскі завод колавых цягчоў вырабляе платформы вайсковага прызначэння. І гэты факт не дае магчымасці Аляксандру Гуку казаць, што на іх санкцыі ЗША дакладна не распаўсюджваюцца: “Гэтага я не ведаю, але тое, што было пра нас напісана — гэта няпраўда”.