Рымашэўскі легалізуе партыю БХД праз цешчу?

Такое рашэнне прыняў аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ў адказ на неаднаразовыя адмовы Мінюста ў рэгістрацыі партыі. Першай ластаўкай, як кажа сустаршыня аркамітэта БХД Віталь Рымашэўскі, стане Мінская гарадская арганізацыя БХД.

Рымашэўскі: “31 студзеня быў праведзены ўстаноўчы рэгістрацыйны сход Мінскай гарадской арганізацыі Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі як мінскага праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’ядання. І будуць неўзабаве пададзеныя неабходныя дакументы ў Мінюст”.

З юрыдычнага пункту гледжання, сцвярджае Рымашэўскі, сход быў праведзены бездакорна. Тое, як людзі ставілі свае подпісы пад прынятым рашэннем, запісвалася на відэа, а статут быў “пазычаны” ў апошняй зарэгістраванай грамадска-палітычнай арганізацыі ў Беларусі — руху "За свабоду". Бліжэйшым часам гэткім жа шляхам пойдуць іншыя рэгіянальныя структуры БХД. Праўда, хрысціянскія дэмакраты не адмовяцца і ад ідэі зарэгістравацца ў якасці партыі — яны працягнуць падаваць неабходныя дакументы ў Мінюст.

Старшынёй мінскай структуры БХД была перабрана Галіна Каржанеўская. Яна з’яўляецца не толькі паплечніцай Віталя Рымашэўскага, але і яго цешчай. Карыстальнікі сацсетак ужо адзначылі, што, маўляў, мінская арганізацыя фактычна з’яўляецца галоўнай адзінкай у структуры БХД і Рымашэўскі такім чынам “перапісаў” партыю на цешчу. Сам палітык на гэтыя “плёткі” ўвагі не звяртае.

Рымашэўскі: “Тое, што ў Мінску была абраная Галіна Каржанеўская, гэта ёсць плёнам яе працы і таго, як прагаласавалі людзі. А плёткі… Спакойна стаўлюся. Бо абраны быў годны чалавек, як быў вядомы нашмат раней, чым стаў вядомы Віталь Рымашэўскі, і які займаў адказныя пасады”.

Дарэчы, у той жа дзень адбыўся сход суполкі прафсаюзнай арганізацыі БХД, якая афіцыйна ўвайшла ў склад мінскага аддзялення прафсаюза РЭП. Яе кіраўнікамі таксама абраныя Галіна Каржанеўская і Марына Хоміч. Стварэнне прафсаюзнай суполкі дае мінскім хрысціянскім дэмакратам легальна дзейнічаць ужо зараз, не чакаючы рэгістрацыі.

Фота — kamunikat.org