Рубінаў прапанаваў “арганізаваць” назіральнікаў
Каб яны не палохалі выбарчыя камісіі нечаканым з’яўленнем у колькасці пад 300 чалавек.
120726 Luka6uk_Naziralniki.mp3
Старшыня адной са сталічных участковых камісій з 15-гадовым стажам паскардзіўся старшыні Савета Рэспублікі Анатолю Рубінаву на назіральнікаў. Маўляў, прыпруцца натоўпам, а хто прыйшоў, з якой мэтай і што выглядае — не разбярэш. Працаваць не даюць! І прапанаваў абмежаваць колькасць назіральнікаў на ўчастку. Рубінаў пагаджаецца — паводле закону, ад 10 выбаршчыкаў на ўчастку можа быць 1 назіральнік. Плюс — міжнародныя назіральнікі, ад партый. Тэарэтычна можа прыйсці да 300 назіральнікаў. Трэба неяк гэта “арганізаваць”!
Ці не прывядзе гэта да абмежаванняў? Да прыкладу, на ўчастку можа быць не больш за 20 назіральнікаў. А потым — як з выбарчымі камісіямі: 5 чалавек ад працоўных калектываў, 5 — ад “Белай Русі”, 5 — ад БРСМ, 4 — ад ЖЭСа і 1 — ад БДІПЧ АБСЕ? І — выбачайце, больш месцаў няма.
“Ніхто не папярэджвае і прыходзіць адразу 50 чалавек, — тлумачыць сваё бачанне “арганізацыі” назіральнікаў Анатоль Рубінаў. — Іх няма дзе ні размясціць, ні стварыць умовы. Хай бы папярэджвалі, што прыйдуць, загадзя, за дзень, а не ў гэты ж дзень, не за гадзіну! Каб іх хоць неяк размясціць маглі. А пра абмежаванне размовы ісці не можа!”
Сапраўды, акрэдытаваны ЦВК назіральнік можа нечакана прыйсці на выпадковы выбарчы ўчастак за гадзіну да пачатку галасавання. Але нават сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік у дэсант з 300 назіральнікаў не верыць.
Мікалай Лазавік: “Калі разважаць адарвана ад практыкі, то можна разважаць на тэму, што 300 назіральнікаў прыйдзе на ўчастак. На практыцы такога не бывае. Хаця на сталічных участках часам назіральнікаў больш, чым сябраў камісіі”.
Згодна са словамі Лазавіка, працаздольнасць сябраў камісіі не залежыць ад колькасці назіральнікаў.
Мікалай Лазавік: “Няхай іх будзе і шмат, але калі яны паводзяць сябе карэктна, то іх колькасць не ўплывае на якасць працы камісіі”.
Лідар гурта “Палац” Алег Хаменка быў назіральнікам падчас прэзідэнцкіх выбараў. Ён адзначае, што назіральнікі і так загадзя рэгіструюцца на ўчастку. А калі хтосьці і сутыкаецца с перашкодамі працы, то не сябры камісіі, а... наадварот! Любыя спробы на ўласныя вочы адсачыць падлік галасоў прыводзіць да выдалення назіральніка.
Алег Хаменка: “Ён проста хоча паглядзець: вось гэты адзін бюлетэнь — ён за таго, за каго яны моўчкі пераклалі, ці можа там увогуле сапсаваны бюлетэнь. Але гэтага нічога не дазваляюць! Яны адразу звяртаюцца да міліцыянераў, якія прысутнічаюць на падліку галасоў, пачынаюць сцвярджаць, што ён перашкаджае і — проста назіральніка выдаляюць”.
Таму 5 назіральнікаў будзе на ўчастку, 50 ці 300 — не мае вялікай розніцы. Прасачыць за дакладнасцю падліку галасоў усё адно не надта дазволяць.
Фота: http://fota.bymedia.net/