ROSTANY ўвайшлі ў ТОП-50 конкурса, абвешчанага студыяй Abbey Road
Новы праект Віктара Рудэнкі скарае Лондан сумессю электрахаўса, метала і Рахманінава.
Песня гурта ROSTANY “World of Power and Violation” увайшла ў ТОП-50 конкурса, абвешчанага студыяй Abbey Road і кампаніяй Avid.
“Там спяваецца, што дабро мусіць быць з кулакамі, як казаў калісьці Маякоўскі, — распавядае Еўрарадыё лідар “Ростаняў” Віктар Рудэнка. — Наш свет дастаткова цяжкі, і немагчыма ў ім быць размазнёй. Нават калі ты добры чалавек, ты мусіш адстойваць свае пазіцыі”.
У арыгінале песня “World of Power and Violation” доўжыцца 7 хвілін і мае назву “Фактар сілы”. Віктар дадае, што песня “з’яўляецца саўндтрэкам для чагосьці, што пакуль сакрэт”.
Віктар Рудэнка: “Мы зрабілі трэк вельмі моцным і даволі шмат над ім працавалі. Там спалучаецца шмат музычных ідэй, пачынаючы ад электра, электрахаўса, метала да класічных, рахманінаўскіх ідэй. Да таго ж трэк вельмі прагрэсіўна запісаны ў сэнсе музыкі”.
Тры абраныя журы трэкі будуць апрацаваныя на Abbey Road і атрымаюць навамодны і фантастычна дарагі аўдыяпрацэсар ад кампаніі Avid. Паслухаць кампазіцыю гурта ROSTANY можна тут. Пераможцы конкурса будуць аб'яўлены 10 красавіка.