Рэкамендацыі АБСЕ байкатуюць і ЦВК, і… апазіцыя
Назбіраць 23 тысячы актывістаў для ўключэння ў выбарчыя камісіі апазіцыя не можа, а ЦВК у гэтым не бачыць сэнсу.
Рэкамендацыя АБСЕ, каб выбарчыя камісіі не менш як на траціну складаліся з прадстаўнікоў палітычных партый, была праігнараваная на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. А то што ж атрымліваецца — з амаль 69 тысяч сябраў выбарчых камісій падчас парламенцкіх выбараў 2012 года такіх быў толькі 61 чалавек!
Пазіцыю ўдзельнікаў прэзідэнцкай нарады Еўрарадыё тлумачыць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Лідзія Ярмошына: “Пры той партыйнай сістэме, якая ў нас існуе, — калі не менш за траціну, то ў нас проста не будуць сфармаваныя камісіі нізавога ўзроўню”.

Траціна ад 70 тысяч — каля 23 тысяч чалавек. Няўжо наша апазіцыя нават агульнымі намаганнямі не здольная іх сабраць? “Не”, — пагаджаецца з Ярмошынай Аляксей Янукевіч, лідар Партыі БНФ, якая на выбарах 2012 года ў выбарчыя камісіі дэлегавала ажно прыблізна… 300 актывістаў.
Аляксей Янукевіч: “Пры ўмове, што ёсць гарантаваная магчымасць для гэтых людзей быць у складзе камісій, лічыць галасы ў межах сумленных і празрыстых выбараў, то пад такую кампанію мабілізаваць 20 тысяч чалавек усе разам дэмакратычныя партыі былі б здольныя. Калі такога спадзявання няма, то мы не можам матываваць такую колькасць людзей. Гэта факт”.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін дае сваю рэкамендацыю АБСЕ: не лезці ў наша выбарчае заканадаўства з гэтай сваёй рэкамендацыяй наконт “партыйнай” траціны ў камісіях.
Леў Марголін: “Колькі зможам вылучыць — гэта ўжо наша справа! Але ўсе тыя, каго вылучаюць партыі, павінны ў першую чаргу ўключацца ў камісіі. Тым больш што тут не трэба нічога і мяняць: наша выбарчае заканадаўства так і гаворыць: “Камісіі фармуюцца: а) з палітычных партый”. І потым ужо ўсё астатняе”.

На апошніх выбарах АГП вылучыла ў камісіі каля 150 пенсіянераў, прадпрымальнікаў і беспрацоўных. А вось калі не будзе ціску на людзей на працы і з боку спецслужб, то і 20 тысяч назбіраць не праблема, упэўнівае нас Марголін.
Што партыі ў нас слабыя, згодны са старшынёй ЦВК сябар Пленума ЦК партыі “Справядлівы свет” Сяргей Вазняк. І нават моцна напружыўшыся, не здольныя ажыццявіць рэкамендацыю АБСЕ.
Сяргей Вазняк: “Вобласці, гарады, раёны — закрылі б. Ну, а ў вёсках няма ніякіх партый — гэта рэчаіснасць Беларусі. І тут Ярмошына мае рацыю: камісіі не закрылі б — гэта відавочна”.
Кропку ў развагах ставіць Лідзія Ярмошына.
Лідзія Ярмошына: “Мы лічым, што гэта норма — адна траціна прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці — з’яўляецца дастатковай”.
А гэта азначае, што па-ранейшаму мяч будзе на баку “Белай Русі” і БРСМ.
Фота: Змітра Лукашука, http://photo.bymedia.net/