Прэзідэнцкі “Боінг 767” прызямліўся ў Эквадоры

"Зараз сёмая гадзіна раніцы, і самалёт знаходзіцца ў нашым аэрапорце. Паспяхова тут прызямліўся. Звестак пра нейкія праблемы мы не маем. Больш ніякай інфармацыі паведаміць не можам", — праінфармавала журналіста Еўрарадыё афіцыйная асоба міжнароднага аэрапорта ў Кіта. 

Нагадаем, што ўчора каля 10.30 беларуская дэлегацыя прыбыла ў сталіцу Эквадора на самалёце… Уга Чавеса — на старым “Боінгу 737”, якім венесуэльскі лідар не карыстаецца з 2002 года. 

Прэзідэнцкі самалёт “Боінг 767”, які выкарыстоўвае Аляксандр Лукашэнка, паводле неафіцыйнай інфармацыі каштуе блізу 130 мільёнаў долараў. 
Раней самалёт належаў былому туркменскаму лідару, цяпер нябожчыку Сапармурату Ніязаву. З гэтым самалётам перыядычна ўзнікалі праблемы, якія не дазвалялі своечасова ўзлятаць. 

Вядома, што з-за праблемаў з “Боінгам” Туркменбашы звальняў высокапастаўленых кіраўнікоў галоўнай авіякампаніі сваёй дзяржавы. Пасля смерці Ніязава “Боінг 767” выкупілі беларусы і перафарбавалі. Але тэхнічных праблемаў, як відаць, цалкам пазбегнуць не ўдалося. 

Афіцыйнай інфармацыі наконт таго, чаму Аляксандр Лукашэнка перасеў на былы самалёт Уга Чавеса, пакуль не публікавалася.