Прэміяй Свабоды Атлантычнага Савета адзначаная Беларусь
Гэтую штогадовую ўзнагароду атрымаюць "Беларуская асацыяцыя журналістаў", праваабарончы цэнтр "Вясна" і "Свабодны тэатр".
Пра такое рашэнне Атлантычнага Савета паведамляецца ў лісце кіраўніка Савета Фрэдэрыка Кэмпа, накіраванага на імя старшыні БАЖ Жанны Літвіной.
"Прызнанне Беларусі ў гэты важны і складаны час умацоўвае нашую веру ў тое, што Атлантычная супольнасць мусіць абараняць свабоду, дзе б і калі б яна ні аказвалася пад пагрозай", — гаворыцца ў лісце.
Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца ў межах Сусветнага форуму, які пройдзе 9-11 ліпеня ва Уроцлаве (Польшча).
Атлантычны Савет — арганізацыя, створаная ў ЗША ў 1961 годзе, якая аб'ядноўвае шэраг грамадскіх ініцыятываў. Займаецца пытаннямі міжнароднай палітыкі і бяспекі, еўрапейскай інтэграцыі, нагадвае прэс-служба БАЖ.