Прадпрымальнікі: Заробак бывае альбо роўны нулю, альбо — у мінусе
Яны прагназуюць, што калі стаўкі адзінага падатку павялічацца і вырасце арэнда, то рынкі ўвогуле апусцеюць.
120118 Luka6uk Pradprymalniki.mp3
Прадпрымальнікаў чакае чарговае выпрабаванне: будуць павялічаныя стаўкі адзінага падатку. Наколькі дакладна, пакуль не вырашана. Але ўжо ідуць размовы пра павелічэнне ў 2,5-3 разы.
Паводле словаў старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатоля Шумчанкі, сёння памер адзінага падатку на нехарчовыя тавары складае каля 1 мільёна 200 тысяч. І калі яго павялічыць ў два-тры разы, то гэта стане непад’ёмнай для большасці сумай.
Анатоль Шумчанка: “1 мільён 200 — гэта, магчыма, невялікія грошы для чыноўнікаў, а для прадпрымальнікаў гэта нармальная сума, з улікам таго, што пакупніцкая здольнасць зменшылася ў дзесяткі разоў і гандлю ніякага няма. Не трэба забываць, што сярэдні заробак у краіне зараз складае каля 250 долараў”.
Павялічваць кошт тавару, каб кампенсаваць выдаткі на выплату новага падатку, прадпрымальнікі не змогуць — і так людзі амаль перасталі нешта набываць. А значыць, робіць выснову Шумчанка, скароціцца іх прыбытак і большасць проста абанкруцяцца.
Ніна Міхайлаўна трымае на “Ждановічах” дзве гандлёвыя кропкі з вопраткай, плаціць амаль 1 мільён 300 тысяч адзінага падатку. Пра магчымае павелічэнне збораў думае з жахам — і так прыбытку ніякага няма!
Ніна Міхайлаўна: “Да нас людзі зусім перасталі ездзіць. Яшчэ ў выходныя нехта недзе ходзіць, а ў буднія дні продажу ўвогуле няма! У мяне дзве гандлёвыя кропкі. На мінулым тыдні на адной кропцы прадалі 4 адзінкі тавару, 5 — на другой. І гэта не таму, што ў мяне няма тавару ці ў мяне дрэнны тавар — такі гандаль ва ўсіх. Заробак бывае альбо роўны нулю, альбо — у мінусе. У снежні-студзені будзе канкрэтны мінус!”
Жанчына расказвае, што шмат яе калег ужо сышлі з бізнэсу, а калі адзіны падатак будзе павялічаны, то і яна вымушана будзе закрыцца.
Але не толькі павелічэнне падатку палохае гандляроў, дзеліцца прадпрымальніца Кацярына Чыжык. Яна самага балючага ўдару ад дзяржавы чакае пасля таго, як базавая стаўка павялічыцца з 35 да 100 тысяч рублёў. Што ў сваю чаргу прывядзе да павелічэння кошту арэнды.
Кацярына Чыжык: “Сёння найбольш страшэнны бізун для прадпрымальніка — арэндная плата. У гандлёвым цэнтры “Паркінг” у мяне 20 квадратных метраў і я плачу 11 мільёнаў у месяц. І гэта я плачу сёння, пры базавай стаўцы 35 тысяч. А калі стаўка стане 100, то ўявіце, на колькі вырасце арэнда! Ці рэальна сёння прадпрымальніку заплаціць 30-33 мільёны за 20 квадратных метраў? Якім ён павінен быць багатым, якім мільянерам і якія павінны ў яго быць продажы!”
Але ж адзіны падатак — гэта яшчэ не ўсё, працягвае прадпрымальніца.
Кацярына Чыжык: “Прадпрымальнікі працуюць не толькі з беларускім таварам, але і з імпартным. Апроч стаўкі адзінага падатку, яны плацяць фіксаваны ПДВ, які складае 150 еўра. І гэта сур’ёзны падатковы цяжар”.
Дарэчы, такога падатку на імпартныя тавары не маюць калегі беларускіх прадпрымальнікаў па Мытным саюзе — расійскія ды казахскія гандляры ад яго вызваленыя.
Апроч гандлю, Кацярына Чыжык займаецца грамадскай дзейнасцю — яна намеснік старшыні Беларускага саюза прадпрымальнікаў. Таму яе развагі не абмяжоўваюцца скаргамі на жыццё сябрам і журналістам. Згодна з яе словамі, ужо падрыхтаваныя прапановы ўраду па аказанні падтрымкі дробнаму бізнэсу. Галоўнае ў іх — адмена гэтага падатку на імпартны тавар, калі ўжо павелічэння адзінага падатку пазбегнуць не ўдасца.
Са свайго боку Анатоль Шумчанка прапаноўвае дзяржаве павялічыць ўсім беларусам заробкі ў 2,5-3 разы, каб кампенсаваць падвышэнне адзінага падатку для прадпрымальнікаў. Інакш, пагражае, яны будуць змагацца за свае правы. Праўда, не ўдакладняе — як.
Фота: http://fota.bymedia.net/