Пазняк не палічыў словы Лукашэнкі запрашэннем вярнуцца

121113_luka6uk_emigranty_0.mp3

Саннікаў, Атрошчанкаў, Булгакаў — з краіны працягваюць з’язджаць палітыкі і інтэлектуалы. А што можа стаць матывацыяй для вяртання?


Былы галоўны рэдактар часопіса “Крыніца” Уладзімір Някляеў з’ехаў у эміграцыю ў 1999 годзе. Спачатку ў Польшчу, потым — у Фінляндыю. Прычыны ад’езду называе вельмі падобныя да “булгакаўскіх” — друкаванне ў часопісе “апалітычных” аўтараў і тэкстаў. Праз 5 гадоў вярнуўся ў Беларусь.


Уладзімір Някляеў: “Пастаяннае пытанне: для чаго ты тут сядзіш і пішаш? У маім выпадку паэмы, раманы — я там шмат напісаў. Хто гэта будзе чытаць, каму гэта трэба?”



Амаль год за верш “Убей президента!” за кратамі правёў паэт Славамір Адамовіч. У 2000 годзе з’ехаў у ЗША, адтуль — у Нарвегію. Канчаткова на радзіму вярнуўся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Матывацыя вяртання простая.


Славамір Адамовіч: “Маё жыццё павінна будавацца тут, на радзіме. Інакш усе мае зашыванні рота, сядзенні ў турме, пісанне вершаў нічога не варты!”


Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павал Севярынец за мяжу не ўцякаў. Меў і магчымасці такія, і прапановы.


Павал Севярынец: “Прапаноўвалі колькі разоў! Нават першы раз калі быў у турме, мяне выпускалі на трое сутак, а нікога з вязняў да гэтага не выпускалі — было пахаванне майго аднагадовага пляменніка. Выпусцілі, кажучы: “Ну, давай!” Давялося вярнуцца ў турму на “Валадарку”.



Тлумачыць сваю антыэмігранцкую упартасць проста: “Гэта — мая радзіма!”


Адным з першых палітуцекачоў стаў Зянон Пазняк — у 1996 годзе з’ехаў праз Украіну ў ЗША. Нават сёння на пытанне Еўрарадыё, што можа падштурхнуць яго да вяртання дадому, не адказвае.


Зянон Пазняк: “Гэта — план дзеянняў для Камітэта дзяржбяспекі. Таму казаць не буду, абыйдуся без іхняга супрацьдзеяння”.


А калі дачакацца гарантый бяспекі ад улады? Напачатку эміграцыі да Някляева прыязджаў з такімі абяцаннямі нават тагачасны міністр замежных спраў Беларусі. Паэт ім не паверыў. І вярнуўся на радзіму толькі пасля смерці Васіля Быкава ў 2004 годзе. Без усялякіх гарантый. Без гарантый вяртаўся з Нарвегіі на радзіму і Адамовіч.


Вось Зянону Пазняку, здаецца, такія гарантыі даюць. Прынамсі, так можна паставіцца да слоў Лукашэнкі, які пахваліў палітэмігранта за “выкрыццё апазіцыі”. Але той падобным гарантыям не верыць.


Зянон Пазняк: “Яго словы нічога не вартыя! Гэта ўсё пустое, што ён гаворыць, што ён нешта абяцае — гэта не мае ніякага значэння!”



То, можа, за мяжой уцекачы больш зробяць для Беларусі, чым за кратамі? Някляеў у гэтым сумняваецца. Паводле слоў паэта-палітыка, напачатку там сапраўды ўзнікае адчуванне, што ты робіш значную справу для Беларусі. Пасля выхаду з высокіх кабінетаў міністраў, дзе табе паабяцалі падтрымку ў змаганні “за дэмакратызацыю” Беларусі. Але цягнецца такое адчуванне не доўга, бо гэта — толькі словы.


З гэтым не згодны Зянон Пазняк.


Зянон Пазняк: “Палітычная эміграцыя — гэта вымушаная з’ява. Гэта з’ява — дзеля працягу палітычнага змагання. Гэта — альтэрнатыва турме і смерці”.


Хоць і прызнае, што калі нічога не застанецца на Беларусі, то эміграцыя нічога не зробіць. І называе ад’езд палітыкаў і інтэлектуалаў з краіны гуманітарнай катастрофай.


Севярынец аб ад’ездзе выбітных беларусаў шкадуе, але ўпэўнены: палітычны і духоўны вакуум у краіне з-за гэтага не ўзнікне. Пазняк упэўнівае ў наяўнасці ў краіне маладых апазіцыйных сіл, а спадзяванні, што яго вяртанне народзіць рэвалюцыйны дух, называе “дзіцячым інфантылізмам”.

Фота: Змітра Лукашука, http://bymedia.net/