Працягваецца акцыя “Павіншуй Бяляцкага з днём народзінаў!”
Яе ініцыятарамі сталі гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка.
Як паведамляе сайт "Гомельская вясна", падчас акцыі падпісваюцца ў адрас палітвязня віншавальныя паштоўкі, а таксама распаўсюджваецца інфармацыя пра акалічнасці яго крымінальнай справы.
Нагадаем, Алесь Бяляцкі быў арыштаваны ў жніўні 2011 года. Яго асудзілі на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за “утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры”. Маюцца на ўвазе сродкі, атрыманыя на праваабарончую дзейнасць. Вызвалення праваабаронцы патрабуюць беларускія і міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых краінаў. Сёлета Бяляцкага вылучылі на Нобелеўскую прэмію міра. 25 верасня яму споўніцца 50 гадоў.
"Чалавек, які на працягу 15 гадоў абараняў правы іншых, заслугоўвае некалькі цёплых словаў падтрымкі ў такі няпросты для яго момант", — адзначаюць ініцыятары акцыі.
Напісаць паштоўку альбо ліст Алесю Бяляцкаму можна па наступным адрасе: 213807, Магілёўская вобл., г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Выпраўленчая калонія № 2, атрад № 14.
Фота — bymedia.net