"Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" збіраюцца правесці новую акцыю

Арганізатары акцыі пратэсту запрашаюць аднадумцаў з'явіцца на галоўную плошчу свайго горада ў 19 00. "Проста знаходзцеся там. Не трэба ніякіх сцягоў і транспарантаў, не трэба ніякай сімволікі", гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным праз сацыяльныя сеткі. "Гэтая акцыя будзе штотыдзень! Калі на плошчы будуць тысячы людзей, гэта будзе знак таго, што можна прыступаць да больш актыўных дзеянняў! Але спачатку нам трэба выйсці!",- кажуць арганізатары акцыі.

Яны ўпэўненыя, што гэтым разам  выйдзе шмат людзей.

"Ужо зараз па Мінску распаўсюджваюцца улёткі. Мы выкарыстоўваем усе магчымыя сродкі, каб людзі з онлайна прыходзілі ў офлайн. Калі трэба, то гэта будуць і ўлёткі, і налепкі, і графіці, максімальна будзем падключаць людзей да арганізацыі гэтага працэсу. Бо цяпер той момант, калі ў краіне эканамічны крызіс і трэба ўздымаць пытанні", – распавёў у эфіры Еўрарадыё арганізатар суполкі "Вконтакте" Вячаслаў Дзіянаў.