Новая прэмія Rock Profi: “Пікі прафесіяналізму” будуць уручаць самі музыкі

16 красавіка ў Беларусі будзе ўручаная прафесійная музычная прэмія Rock Profi. Яе фішка ў тым, што пераможцаў абіраюць самі музыкі, якія працуюць у стылістыцы рок, індзі і альтэрнатыва. І якія ў апошнія тры гады выдалі па поўнафарматнай пласцінцы.

“Справакавала, часткова, гэтую ідэю тое, што на сайце Experty.by пад рэцэнзіямі сустракаеш меркаванні музыкаў, кшталту: “Якое права вы маеце судзіць пра музыку, калі не ўмееце граць, песні не ствараеце, нічога не запісваеце, канцэрты не граеце, толькі крытыкуеце? Давайце мы разбярэмся!”, — распавядае адзін з заснавальнікаў прэміі Зміцер Безкаравайны.Ад прапановы пісаць рэцэнзіі музыкі адмаўляліся. У дадзеным выпадку нікога крытыкаваць не трэба. Трэба пахваліць годных, на ўласны погляд, прэтэндэнтаў”.

“Хваліць” калег па цэху музыкі будуць у 6 намінацыях: “Лепшы альбом”, “Лепшая песня”, “Артыст года”, “Дэбют года”, “За ўнёсак ў музыку”, “Лепшы запіс”. Паводле слоў удзельнікаў кантрольнага камітэта прэміі, куды ўваходзяць уплывовыя прадстаўнікі беларускага шоў-бізу (Яўген Калмыкоў, Уладзімір Пугач, Аляксандр Багданаў, Алег Хаменка, Ганна Хітрык і іншыя), большасць музыкаў з цікавасцю адгукнулася на прапанову вызначыць лепшых з лепшых.

Галасаванне пройдзе ў два туры. Вынікі першага будуць агучаныя на пачатку наступнага тыдня. На цырымоніі ўзнагароджання, якая пройдзе ў закрытым фармаце, музыкам уручаць “Пікі прафесіяналізму”, дызайн якіх распрацаваў Улад Казаноўскі. Для гасцей імпрэзы сыграе замежны гурт.

Арганізатар і заснавальнік прэміі Павел Юрцэвіч дэманструе журналістам узнагароду (кажуць, яна важыць каля 4 кілаграмаў)