Навошта Камітэт дзяржкантролю правярае тое, што адмянілі?
Рэстараны маюць права на любыя нацэнкі, але падчас праверак Дзяржкантроль не лянуецца іх палічыць.
Дзяржкантроль праверыў кавярні і “быў шакаваны нацэнкамі, якія даходзілі аж да 900 працэнтаў, на гарбату”, — тыдзень таму гэтая навіна нарабіла шмат шуму. Але Еўрарадыё прыгадала, што абмежаванне нацэнак для рэстаранаў... адмененае. У Камітэце дзяржкантролю прызнаюць: так, рэстараны маюць на гэта права, ніякага парушэння няма.
"Сёння кожны суб'ект гаспадаркі самастойна фармуе сваю асартыментную і цэнавую палітыку, — пацвярджаюць Еўрарадыё ў Мінгандлю. — Зразумела, ён зацікаўлены купіць прадукты танней, а прадаць, з улікам розных надбавак, даражэй, але ж з улікам таго кошту, па якім набываюць".
У Беларусі адмененыя абмежаванні па нацэнках ва ўсіх кавярнях і рэстаранах, акрамя ўстановаў адукацыі. Але КДК падчас праверкі ўсё адно не паленаваўся падлічыць нацэнкі. У Мінгандлю мяркуюць, што на гэта звярнулі ўвагу нездарма.
"Дзяржкантроль ставіць пытанне, што ў нас засталіся сацыяльна значныя тавары, на якія рэгулюецца гандлёвая надбаўка, напрыклад гародніна. У аб'ектах харчавання надбаўка таксама рэгулюецца, але нацэнка — не. Вось яны прапанавалі разгледзець магчымасць рэгулявання коштаў на гэтыя тавары. Яны маюць права правяраць, і гэта іх права — уносіць прапановы. Я думаю, яны б хацелі, каб сацыяльна значныя тавары ўключалі ў калькуляцыю па абмежаваных нацэнках. Але які сэнс, калі ў тую ж страву можна ўключыць прадукт не сацыяльна значны і паставіць нацэнку, якая ўсё перакрые?"
Дарэчы, нацэначныя катэгорыі ў нас пакуль не адмянілі, яны засталіся — кожны рэстаран сам абірае сваю катэгорыю, але мусіць трымаць марку. Што праўда, на нацэнку катэгорыя больш не ўплывае. Што рэстаран першай катэгорыі, што другой могуць рабіць аднолькавую нацэнку. Але слова з закона аб гандлі не выкінеш, таму пакуль у нас застаюцца нацэначныя катэгорыі.
"Але катэгорыя залежыць не ад нацэнкі, а ад узроўню сэрвісу. Калі я бачу на шыльдзе "рэстаран катэгорыі люкс", я разумею, што з мяне там пылінкі павінны здзімаць. Зразумела, што гэта не бясплатна. Я павінна падумаць — можа, у мяне малавата грошай, і пайсці туды, дзе напісана "першая катэгорыя". Мы ўжо ўнеслі ва ўрад новы праект закона, дзе слова "нацэначная катэгорыя" не будзе. Будзе не катэгорыя, а клас. Так, як ва ўсім свеце", — тлумачаць у Мінгандлю.
Паводле назіранняў рэстаратара, з якім пагутарыла Еўрарадыё, апошнім часам з'явілася шмат кавярняў, дзе гатуюць ежу, а не робяць яе з паўфабрыкатаў. Раней гатаваць было нявыгадна.
"З такой сістэмай нацэнак прасцей было адкрыць піцэрыю: купіць замарожанае цеста з Італіі, пасыпаць яго літоўскай каўбасой ды мець шалёную рэнтабельнасць. А ляпіць рукамі калдуны ці цэпеліны і прадаваць танна ніхто не хацеў. А чалавек у любым выпадку галасуе рублём, гатовы ён плаціць за гэта грошы ці не".
Напрыклад, за апошні год адна з сетак піцэрый перакваліфікавалася і адкрыла некалькі рэстаранаў беларускай кухні.